Кліч Ктулху (зборнік). Говард Філіпс Лаўкрафт
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Кліч Ктулху (зборнік) - Говард Філіпс Лаўкрафт страница 7
Нарэшце прыйшло тое, чаго я даўно баяўся. Мае бацькі, заклапочаныя зменамі ў паводзінах і выглядзе свайго сына, пачалі спакваля шпіёніць за маімі перамяшчэннямі, што пагражала катастрофай. Я нікому не казаў пра візіты да склепа, з дзяцінства з рэлігійнай заўзятасцю ахоўваючы сваю таемную мэту, але цяпер мусіў рабіць намаганні, каб прабрацца праз лабірынты дрыгвяністай лагчыны і адарвацца ад магчымага пераследніка. Ключ да грабніцы я насіў на шнурку на шыі, і пра яго ніхто не ведаў. Я ніколі не выносіў з грабніцы нічога з таго, што знаходзіў у яе сценах.
Аднае раніцы, калі я паказаўся з вільготнага склепа і зашчапіў ланцуг не надта цвёрдай рукой, я ўбачыў у прылеглым гушчары зжаханы твар назіральніка. Канец быў несумненна блізкі, бо маю альтанку сярод дрэваў знайшлі, а мэту маіх начных вандровак выкрылі. Той чалавек не стаў мяне затрымліваць, таму я паспяшаўся дадому, спадзеючыся падслухаць, што ён можа данесці майму знясіленаму турботамі бацьку. Ці хутка ўжо свет пачуе, што я баўлю час за дзвярыма з ланцугом? Уявіце сабе маё радаснае здзіўленне, калі я пачуў, як шпег асцярожным шэптам інфармуе бацьку, што я правёў ноч сярод дрэваў каля склепа, не адводзячы закрытых заслонай сну вачэй ад шчыліны ў прачыненым партале пад навясным замком. Якім цудам назіральнік мог так ашукацца? Цяпер я быў перакананы, што мне дапамагала чыёсьці звышнатуральнае ўмяшанне. Набраўшыся дзякуючы такому ўмяшанню адвагі, я пачаў наведваць грабніцу абсалютна адкрыта, перакананы, што ніхто не зробіцца сведкам таго, як я ўваходжу ўсярэдзіну. Цэлы тыдзень я напоўніцу смакаваў радасці магільнага балявання, пра якое не павінен расказваць, калі здарылася тое, праз што я апынуўся ў гэтым клятым прыстанішчы смутку і аднастайнасці.
Не варта было мне рызыкаваць той ноччу, бо ў хмарах грымела і са смярдзючага балота ў лагчыне ўздымалася пякельнае свячэнне. Кліч мёртвых таксама быў іншы. Вярхоўны д’ябал цягнуў да мяне свае нябачныя пальцы не са склепа ў схіле, а са счарнелых сутарэнняў на вяршыні ўзгорка. Калі я выйшаў з саду на раўніну перад руінамі, я ўгледзеў у туманным месячным святле нешта, чаго заўсёды цьмяна чакаў. Страчаны стагоддзе таму палац зноў узнёс свае велічныя вежы. Выглядаў ён захапляльна. Кожнае акно палымнела раскошай тысячы свечак. Доўгай дарогай каціліся карэты бостанскай эліты, а шматлікія групы напудраных франтаў з суседніх сядзіб падыходзілі пешкі. Я змяшаўся з гэтым натоўпам, хоць і ведаў, што маё месца хутчэй з гаспадарамі, чым з гасцямі. У холе грала музыка, гучаў смех, кожная рука трымала келіх віна. Я пазнаў колькі твараў, хоць лепш ведаў іх высушанымі ці з’едзенымі смерцю і гніеннем. Сярод дзікага і бесклапотнага натоўпу я быў самым дзікім і самым распусным. Вясёлыя блюзнерствы бурлівым патокам ліліся з маіх вуснаў, і ў досціпах я не дбаў пра законы ні Бога, ні чалавека, ні прыроды. Раптам перакат грому, чутны нават праз гоман той свінскай гулянкі, раскалоў дах і змусіў шумную кампанію сціхнуць ад страху. Чырвоныя языкі полымя