Кліч Ктулху (зборнік). Говард Філіпс Лаўкрафт
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Кліч Ктулху (зборнік) - Говард Філіпс Лаўкрафт страница 11
Мінуў тыдзень, перш чым гараджане заўважылі, што ў вокнах змрочнай хаціны пад дрэвамі не мільгае ні агеньчыка. Тады хударлявы Ніт згадаў, што з той ночы, калі з Ултара зніклі каты, на вуліцах больш не бачылі ні старога арандатара, ні ягонай жонкі. Калі мінуў яшчэ тыдзень, бурмістр вырашыў пераадолець страх і знайсці прычыну такой падазронай цішыні, бо гэта, урэшце, яго абавязак. Асцярожны, ён узяў з сабой сведак – каваля Шанга і каменячоса Тхула, і яны ўтрох скіраваліся да хаціны. Узламаўшы хісткія дзверы, мужчыны ўбачылі два дачыста абгрызеныя чалавечыя шкілеты, якія ляжалі на земляной падлозе, і мноства брыдкіх чорных жукоў, што кешкаліся ў цёмных кутах.
Гэтае здарэнне ўскалыхнула ўвесь Ултар. Каранёр Затх горача спрачаўся з хударлявым натарыусам Нітам, а Крэнана, Шанга і Тхула засыпалі пытаннямі. Распыталі таксама маленькага Атала, сына карчмара, узнагародзіўшы яго пасля салодкімі ласункамі. Гараджане яшчэ доўга ўспаміналі старога арандатара, і ягоную жонку, і караван цемнатварых вандроўнікаў, і маленькага Менеса з чорным кацянём, і малітву хлопчыка, і тое, што дзеялася ў небе падчас малітвы, і таемнае знікненне катоў пасля сыходу вандроўнікаў, і таксама тое, што неўзабаве знайшлі ў змрочнай хаціне пад дрэвамі ў глыбіні агіднага двара.
І ўрэшце гараджане прынялі цудоўны закон, пра які цяпер гавораць гандляры з Хатэга і пра які спрачаюцца вандроўнікі ў Ніры, – закон горада Ултар, які сурова забараняе забіваць катоў.
Ньярлатхатэп
Ньярлатхатэп… Паўзучы хаос… Я апошні… Я прамаўляю да пустэчы, якая здольная чуць…
Не памятаю дакладна, калі ўсё гэта пачалося, – напэўна, некалькі месяцаў таму. Агульнае напружанне было жахлівым. Гэта быў час палітычных і сацыяльных узрушэнняў, і чалавецтва было ахопленае прадчуваннем пагрозы, спачатку глухой і невыразнай, але спакваля адчуванне небяспекі пашыралася і рабілася ўсёабдымным – небяспекі жудаснай, пякельнай, якая можа прымроіцца хіба ў жахлівых снах. Я помню, як людзі блукалі ў неспакоі, са збялелымі тварамі, і шапталі злавесныя прароцтвы, якія ніхто не асмельваўся вымавіць на поўны голас і ўсвядоміць іх сэнс. Цяжар недаравальнай віны прыгнятаў маю краіну – а з зорнай бездані дзьмуў ледзяны вецер, халодзячы душы простых смяротных, якія курчыліся ад жаху ў сваіх цёмных адасобленых сховішчах. І была пачварная змена ў порах году, і ўвосень надзвычай доўга трымалася ненатуральная гарачыня, і кожны з нас адчуваў, што свет – а магчыма, і ўвесь Сусвет – больш не падпарадкоўваецца волі старых багоў, пераходзячы пад уладу багоў іншых, невядомых.
І тады Ньярлатхатэп выйшаў з Егіпта. Хто ён такі, не ведаў ніводзін са смяротных, вядома было толькі, што ён старажытнай і высакароднай крыві і выглядае як фараон. Фелахі кленчылі, калі бачылі яго, хоць і не маглі растлумачыць прычыну гэтай пашаны. Казалі, быццам ён паўстаў з цемры дваццаці сямі стагоддзяў, каб