Кліч Ктулху (зборнік). Говард Філіпс Лаўкрафт
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Кліч Ктулху (зборнік) - Говард Філіпс Лаўкрафт страница 14
Мінула, мабыць, дзве гадзіны, і я апынуўся ля таго, што, магчыма, было маёй мэтай – пакрытага плюшчом замка ў моцна зарослым парку, да болю знаёмага і адначасова абсалютна чужога. Я ўбачыў, што роў вакол замка поўны вады, а некалькі раней знаёмых мне вежаў стаяць разбураныя, затое да асноўнага будынка далучаныя новыя крылы. Але мяне найбольш цікавілі адчыненыя вокны: з іх лілося святло і чуліся гукі шумнае вечарыны. Падышоўшы да аднаго, я зазірнуў туды і ўбачыў дзіўна апранутых людзей, якія весяліліся і размаўлялі. Дагэтуль я ніколі не чуў чалавечага голасу, таму амаль не разумеў, пра што ідзе гаворка. Некаторыя твары чамусьці падаліся мне крыху знаёмымі, іншых я зусім не ведаў.
Я ўвайшоў праз адчыненыя шкляныя дзверы ў ярка асветлены пакой, пераступіўшы тым самым праз сваё адзінае добрае перажыванне, каб абрынуцца ў прадонне найпакутнейшага адчаю. Кашмар пачаўся амаль адразу, бо не паспеў я ўвайсці, як у зале адбылося нешта жахлівае. Усе прысутныя пачалі лямантаваць, твары іх крывіліся грымасамі страху. У паніцы яны пабеглі з пакоя, некалькі чалавек знепрытомнелі, упалі на падлогу, і іх давялося цягнуць да выхаду. Многія закрывалі вочы рукамі, беглі наўслеп, пераварочвалі мэблю, натыкаліся на сцены і з цяжкасцю знаходзілі дзверы.
Гэта быў агульны шок. Я стаяў у ярка асветленым пакоі адзін, ашаломлены, слухаючы крыкі, што паволі знікалі ўдалечыні, і дрыжаў, спрабуючы здагадацца, што ж такое жахлівае знаходзіцца побач. На першы погляд пакой падаваўся абсалютна пустым, але калі я накіраваўся да аднаго з альковаў, то пачуў, быццам там нехта ёсць – хтосьці рушыў праз залатую арку дзвярэй, што вялі да іншага пакоя, вельмі падобнага да гэтага. Падыходзячы да аркі, я ўсё мацней адчуваў прысутнасць гэтае істоты, а потым, выдаўшы першы і апошні ў маім жыцці гук – пудлівае крактанне, якое напалохала мяне не менш за тое, што яго выклікала, – я ў поўны рост убачыў жудасную, неапісальную, страхотную пачвару, якая адным сваім выглядам ператварыла вясёлы натоўп у статак напалоханых уцекачоў.
Я не ў стане нават расказаць, як яна выглядала, бо гэта была мяшанка з усяго бруднага, жахлівага, непагляднага, ненармальнага ды пачварнага, сумесь гніення, старызны і распаду, агідны прывід непатрэбшчыны, гідкае стварэнне, якое ніколі не мусіла з’явіцца на зямлі. Гэта было нешта не з гэтага свету, аднак я з жахам убачыў у яго згнілых рысах падабенства да чалавечае істоты і разам з тым здзек з чалавека, а ў яго цвілым вобліку – нейкую невымоўную