Горад мрой (зборнік). Яніна Пінчук
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Горад мрой (зборнік) - Яніна Пінчук страница 19
Яна была жудасна ўсцешана цікавасцю да сваёй асобы. Дагэтуль жа абсалютна ніхто не звяртаў на яе ніякай увагі, апроч усялякай шушамеці на вуліцы, хоць яна і не насупа і з твару не вырадак, дарма што нос злёгку сялянскі – яна ўжо страціла надзею і старой дзеўкай сябе лічыла, ну канешне, не жартачкі, ужо хутка васямнаццаць стукне.
Выявілася, што Вадзім вельмі начытаны, сапраўдны эрудыт. Праўда, увесь час з’язджаў у гараскопы і акультызм, затое якімі мудрагеліста-вытанчанымі былі яго кампліменты! Ён гаварыў ліслівым варкатлівым голасам, напісаў ёй верш, увесь час шукаў яе ў натоўпе. Часам яго ўвага рабілася дакучлівай, як і насычаны пах адэкалону, якім ён спрабаваў надаць сабе глянцу і мужнасці, кампенсаваўшы сваю звычайнасць і «круглавідасць», як выражалася Уладзіна цётка Зося. Хлопец, вядома, быў не ахці – але на бязрыб’і, ведаеце… А яшчэ яна вырашыла, што гэта будзе яе першы вопыт – а вопыту ж трэба набірацца.
Усё было добра да ягонага ад’езду, калі Вадзім раптам замануўся яе пацалаваць – проста на вуліцы перад інтэрнатам, пад сінім небам, сярод сініх лужын і мітуслівых людзей. Яна не любіла ўспамінаць гэты момант. Хацелася пафарсіць і адчуць сябе смелай і дарослай, але потым…
У рот раптам улез і заварушыўся нейкі мокры, агідна цёплы малюск. Яна адчувала, як ужо і вакол рота саленаватая плёнка, сляды гэтай цеплаватай чужой слізі, як на зямлі каля прыбіральні ў цёткі, калі летам ноччу пад вішнямі тлустыя смаўжы поўзалі, а потым знікалі пад цаглінамі. Яе рот запоўніла гэта гідкае, чужое безназоўнае нешта, а яна так самлела, што забылася на супраціўленне, проста стаяла ў паніцы і не разумела, як гэта выплюнуць – але заставалася чакаць, пакуль адпаўзе само.
Потым яна знайшла ў сабе сілы ўсміхнуцца і нават какетліва зманіць, што спадабалася. Але яе першы пацалунак быў знішчаны. Ён быў патоплены ў памыях.
Яна чакала моманту, калі можна было выцерціся – зрабіла гэта неўпрыкмет і з годнасцю. А потым у пакоі ў яе рэзка падскочыла тэмпература, хоць яна ні на што і не хварэла. Проста Улада тады зразумела, што такое – згараць ад сораму.
Потым пайшло ліставанне па электроннай пошце – вось тут Улада ўпершыню ў жыцці ўсумнілася ў тым, што яна флегматык. Узаемныя шпількі пачаліся з яго выхвальнага прызнання, што ён, бач, на алімпіядзе «хацеў яе спакусіць». Гэта выклікала рэакцыю з ладнай порцыяй скепсісу і яду – прасцей кажучы, яна стала яго адшываць. Потым заеліся пра палітычныя погляды: яна ў піку Вадзіму выказала даволі радыкальны пункт гледжання. Той вярнуў пазыку і стаў крыць яе аргументамі і проста балючымі, здзеклівымі шпількамі – па-майстэрску, кпліва, бязлітасна. Біў па самых балючых месцах. Яна яшчэ ніколі не трапляла пад такі шквал. І за гэтыя некалькі тыдняў зразумела, што такое быць змучанай нейкім пачуццём, у дадзеным выпадку злосцю, крыўдай і – адчуваннем грандыёзнай знявагі.
У Мінску ж Вадзім з’явіўся як нічога не было і пачаў падбіваць кліны. На спробы