Горад мрой (зборнік). Яніна Пінчук
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Горад мрой (зборнік) - Яніна Пінчук страница 15
Мы запальвалі іх і гутарылі пра свае жаданні, планы, усе іх прагаворвалі ўголас – і агеньчыкі загараліся на шчасце, сваім бегам па маленькай драўлянай палачцы запісваючы нашы мары, а потым ставілі дымную кропку, нібы жадаючы сказаць: «Заказ прыняты. Будзе выканана».
Запалкі – гэта магічны прадмет. Таму што кожны агонь – нешта святое, нават гэткі малюсенькі – нават кропелька святой вады па сутнасці сваёй не перастае быць святой вадой.
Для нас з Арынай запалкі – гэта зашыфраваны сігнал са шведскіх берагоў, у іх агеньчыках выступаюць радкі са Стыга Ларсана.
Запалкі – гэта мініяцюрныя сонейкі ў нашых сіняватапахмурных кватэрах, радасныя секундныя пробліскі ў няўсмешлівай паўночнай атмасферы. Яны – як мімалётнае абяцанне хуткай вясны і сонца.
Запалкі – гэта прыручанае полымя, гэтак жа, як котка – ручная тыгрыца.
Запалкі – гэта знак нашых надзеяў, імпульсаў. Занадта многія з іх згасаюць і знікаюць бясследна. Аднак кожная запалка нясе ў сабе выяву вогнішча ў лясной цемры, свечак у велічным храме, хатняга агменю, алімпійскай паходні. Таму што ўсе агні – агонь.
6. Табе
«Я не ведаю, як цябе пакахала – не магла сабе гэта ўявіць. У страшным сне. І ў шчаслівым – таксама.
Ты жыў, калі я была маленькай дзяўчынкай. Ты жыў і калі мяне не было зусім. Ці жыў ты сапраўды?.. Не ведаю…
Сто дзён. Адна ноч – бясконцая. Можа, гэта ўсяго толькі казка? Ты ж далёка – далей за зоркі, за Атлантыкай, далей за тую зорку, што на сцягу рэспублікі…
Калі б ты быў патрапаным сцягам – я была б захопленым юным салдатам; як цябе цалавала б…
Калі б ты быў ружай у садзе маім, ружай, што вяне – я лашчыла б твае пялёсткі ахвотней за свежыя…
Толькі маўчанне.
Сон.
Пустэча.
І – маўчанне…
Але ўсё адно – ты са мной.
У маіх словах, штодзённых справах, мімалётных думках, адчуваннях цела, у снах, вядома… у маіх планах, марах, перакананнях…
Цябе няма, ты – усюды.
Ты ў шолаху новай лістоты і ў сумным шэпце старой…
…у срэбры халоднага зімовага дня…
…у пяшчотным сонечным святле – яно дакранаецца да скуры маёй разам з ветрам…
Ты ў гарах, у сінім небе, у дзікіх травах сенажацяў і ў пустэльні…
…у хмарачосах сталіцы, у завадскіх доўгіх трубах, у кафедральных саборах…
…у кроку кожнага ваяра і ў кожным яго стрэле…
…твае вочы – гэта мора, у буру шэрае, цвёрда-халоднае, а ў спакоі цёплае, цудоўнае, блакітнае…
Ты нідзе і ва ўсім, і ніхто не зменіць гэтага…