Голад (зборнік). Кнут Гамсун

Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Голад (зборнік) - Кнут Гамсун страница 20

Голад (зборнік) - Кнут Гамсун Noblesse Oblige

Скачать книгу

Я крыху заседзеўся ў кавярні. Шчыры вам дзякуй.

      Калі я сыходзіў, ён дакрануўся да свайго шлема. Яго паслужлівасць мяне зусім абяззброіла, і я заплакаў ад крыўды, што ў мяне не знайшлося для яго пяці крон. Я спыніўся і доўга праводзіў яго вачыма, я лупіў сябе ў лоб і заліваўся слязьмі, гледзячы яму ўслед. Я праклінаў сябе і сваю беднасць, лаяў сябе апошнімі словамі, выдумляў крыўдныя мянушкі, высільваўся ў пошуках самых грубых лаянкавых слоў і абзываў сябе як толькі мог. Так яно доўжылася мала што не да самага дому. Дайшоўшы да брамы, я ўбачыў, што згубіў ключы.

      «Ну вядома ж! – сказаў я сабе з горыччу. – Як мне было не згубіць тых ключоў? Я жыву на двары, дзе ёсць стайня, а наверсе – майстэрня бляхара, брама зачыняецца на ноч, і ніхто, ніхто не можа яе адамкнуць, – як жа мне было не згубіць ключоў? Я прамок, як сабака, згаладаўся, – крыху-крыху згаладаўся, я адчуваў дзіўную слабіну ў каленках – як жа мне было не згубіць ключоў? Чаму ж і напраўду ўсім жыхарам не павыязджаць у Акер, акурат калі мне трэба ўвайсці?..» І я смяяўся, здратаваны голадам і сваёю слабасцю.

      Я чуў, як коні на стайні білі капытамі, і бачыў сваё акенца наверсе, але не мог адчыніць браму і ўвайсці. Стомлены і раззлаваны, я вырашыў вярнуцца на прыстань і пашукаць свае ключы.

      Зноў пайшоў дождж, і я ўжо адчуваў, як вада сцякае ў мяне па спіне паміж лапаткамі. У ратушы мне раптам прыйшла ў галаву цудоўная думка: я вырашыў звярнуцца да паліцыі з просьбай адчыніць мне браму. Падышоўшы да паліцыянта, я пераканаўча папрасіў яго пайсці са мною і, калі гэта магчыма, адамкнуць замок.

      Калі б гэта было магчыма, тады вядома! Але гэта немагчыма: у яго няма адмычак. Адмычкі ёсць адно ў агентаў аддзела крымінальнага вышуку.

      – Як жа мне быць?

      – Што ж, давядзецца вам заначаваць ў гасцініцы.

      – Але я, папраўдзе, не магу начаваць у гасцініцы: у мяне няма грошай. Разумееце, я выйшаў з дому толькі ў кавярню…

      Колькі хвілін мы пастаялі на прыступках каля ратушы. Ён думаў пра сітуацыю, разважаў, пазіраючы на мяне. Дождж ліў, як з вядра.

      – Вам давядзецца пайсці ў дзяжурную частку і абвясціць, што ў вас няма прытулку, – сказаў ён.

      Абвясціць, што ў мяне няма прытулку? Пра гэта я не падумаў. Далібог, выдатная думка! Я пачаў дзякаваць паліцыянту за параду. Значыцца, я магу проста ўвайсці і сказаць, што ў мяне няма прытулку?

      – Вядома, можаце!..

      – Ваша прозвішча? – запытаўся дзяжурны.

      – Танген… Андрэас Танген.

      Я сам не ведаў, навошта маню. Думкі бязладна мітусіліся ў мяне ў галаве і міжволі прымушалі ісці на ўсялякія хітрыкі: я імгненна прыдумаў гэтае чужое прозвішча і адразу яго назваў. Я хлусіў без усялякай патрэбы.

      – Занятак?

      Гэта было ўжо амаль што выкіданнем мяне на брук. Гм! Спачатку я думаў назвацца бляхаром, але не рызыкнуў – бо я назваў сябе прозвішчам, якое мала адпавядала прафесіі бляхара, і, апроч таго, у мяне былі акуляры на носе. Тады я набраўся нахабства, зрабіў крок

Скачать книгу