Голад (зборнік). Кнут Гамсун

Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Голад (зборнік) - Кнут Гамсун страница 16

Голад (зборнік) - Кнут Гамсун Noblesse Oblige

Скачать книгу

ведаючы дзеля чаго, але своечасова задумаўся над тым, што адбываецца, і сышоў. Выйшаўшы на плошчу, я стаў шукаць месца крыху перадыхнуць, але ўсе лаўкі былі занятыя, і я марна блукаў вакол царквы ў пошуках ціхага месцейка, дзе я мог бы прысесці. «Ну вядома ж! – сурова сказаў я сам сабе. – Вядома! Вядома ж!» І я пайшоў далей. Каля фантана на рагу базару я спыніўся, выпіў вады, зноў пайшоў, ледзьве цягнучы ногі, я падоўгу стаяў каля кожнай вітрыны, праводзіў вачыма кожную павозку, што праязджала побач. Галава ў мяне палала, у скронях чуўся нейкі дзіўны стук; выпітая вада не пайшла на карысць, і час ад часу я з цяжкасцю стрымліваў сябе, каб не званітаваць. Нарэшце я дабраўся да могілак каля царквы Збаўцы. Я сеў, упёрся локцямі ў калені і апусціў галаву на рукі   – калі я гэткім чынам скурчыўся, мне зрабілася лепш, і я ўжо не адчуваў калацця ў грудзях.

      Нейкі каменячос поўзаў па гранітнай пліце непадалёк ад мяне, высякаючы надпіс, ён быў у цёмных акулярах і раптам нагадаў мне аднаго майго знаёмага, пра якога я амаль забыўся: той чалавек служыў у банку, і я сустрэўся з ім неяк у кавярні «Опланске».

      Калі б толькі я мог пераадолець свой сорам і звярнуцца да яго! Сказаць яму ўсю праўду пра тое, як мне цяпер цяжка, як цяжка здабываць сабе на пражыццё! Я мог бы аддаць яму кніжку з талонамі на галенне… Ах, чорт, я зусім забыўся пра гэтую кніжку! А там талонаў амаль што на цэлую крону! Усхваляваны, я пачынаю шукаць свой скарб. Не знайшоўшы талоны адразу, я ўскокваю з месца, абмацваючы ўсё і заліваючыся ад страху халодным потам, і нарэшце знаходжу іх на дне бакавой кішэні разам з чыстымі і спісанымі лісткамі, якія не маюць аніякай каштоўнасці. Я некалькі разоў пералічваю гэтыя шэсць талонаў ад пачатку, потым ад канца, мне яны не надта і патрэбныя: я больш не хачу галіцца, такі ўжо ў мяне капрыз, фантазія. Мяне выручыла б палова кроны, бліскучая манетка з конгсбергскага срэбра! Банк зачыняецца а шостай, я магу дачакацца свайго знаёмага каля кавярні «Опланске»: ён прыйдзе а сёмай ці а восьмай гадзіне.

      Я некалькі хвілін цешыўся з гэтай думкі. Час ішоў, у каштанах вакол мяне шамацеў лісцем вецер, дзень хіліўся да вечара. Але ж хіба не сорам совацца з шасцю талончыкамі да маладога чалавека, які служыць у банку? Хто ведае, можа, у яго цэлыя дзве тоўстыя кніжкі ў кішэні, а талоны ў іх прыгажэйшыя і чысцейшыя за мае. І я шнарыў па кішэнях у спадзяванні знайсці яшчэ што-небудзь прыдатнае і аддаць яму як дадатак, але нічога не знайшоў. А што, калі прапанаваць яму мой гальштук? Я выдатна магу абысціся і без яго: варта толькі на ўсе гузікі зашпіліць куртку, а мне ўсё адно даводзіцца гэта рабіць, бо ў мяне няма камізэлькі. Я зняў завязаны вялікім бантам гальштук, які напалову захінаў мае грудзі, старанна пачысціў яго і разам з кніжкаю загарнуў у кавалак белай паперы. Потым я пакінуў могілкі і пайшоў у горад.

      Гадзіннік на ратушы паказваў сёмую. Я трымаўся наўпоблізь ад кавярні, хадзіў сюды-туды ўздоўжкі жалезных кратаў і ўважліва аглядаў усіх, хто заходзіў і выходзіў. Нарэшце каля восьмай я ўбачыў маладога чалавека, чыста і з густам апранутага, які накіроўваўся да дзвярэй кавярні. Калі я яго ўгледзеў, сэрца забілася ў мяне ў грудзях, нібы той птах, і я, не вітаючыся, накінуўся на яго.

Скачать книгу