Голад (зборнік). Кнут Гамсун

Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Голад (зборнік) - Кнут Гамсун страница 14

Голад (зборнік) - Кнут Гамсун Noblesse Oblige

Скачать книгу

стаяла цішыня, поўная цішыня. Адно ў вышыні гучала вечная песня паветраных стыхій, далёкі, манатонны гул, што ніколі не сціхае. Я так доўга прыслухоўваўся да гэтага бясконцага, тужлівага гучання, што мне зрабілася моцна не па сабе, бо гэта былі сімфоніі сусветаў, што каціліся праз мяне, гэта быў спеў, які інтанавалі зоркі…

      – Не, гэта, напэўна, нейкае д’ябальскае насланнё! – прамовіў я і, каб падбадзёрыцца духам, гучна засмяяўся. – Гэта начныя пугачы крычаць аб зямлі Ханаанскай!

      Я ўстаў, лёг і зноў устаў, абуўся, пачаў блукаць у цемры, потым зноўку лёг і ажно да самага світання змагаўся са злосцю і страхам; толькі на золку сон нарэшце змарыў мяне.

* * *

      Калі я расплюшчыў вочы, было зусім светла, і мне падалося, што час ужо набліжаецца да поўдня. Я абуўся, зноў загарнуў коўдру ў паперу і пайшоў назад у горад. Сонца, як і ўчора, было схаванае за хмарамі, і я замерз як сабака, ногі ў мяне пакалелі, а вочы слязіліся, нібы аслепленыя звычайным дзённым святлом.

      Была трэцяя. Голад пачынаў даймаць мяне мацней, я нешта аслабеў. Я ішоў, мне рабілася млосна і раз-пораз ванітавала. Пасля я завярнуў да кухні-сталоўкі, прачытаў там меню, што было вывешанае на дошцы, і сутаргава паціснуў плячыма, быццам ялавічына ды свініна мне не падыходзілі; адтуль я скіраваўся на Вакзальную плошчу.

      У галаве ў мяне моцна круцілася, я ішоў далей і намагаўся не зважаць на гэта, але галавакружэнне рабілася ўсё мацнейшым, і нарэшце мне давялося прысесці на нейкіх сходах. Усё ўнутры мяне змянілася, нібыта зрушылася з месца, альбо нейкая заслона, нейкая тканіна лопнула ў мяне ў мазгах. Разы са два я ледзьве не задыхнуўся і сядзеў збіты з тропу. Я не губляў прытомнасці, выразна адчуваў, як у мяне з учорашняга дня пабольвала вуха, і калі побач прайшоў знаёмы, я адразу пазнаў яго, устаў і пакланіўся.

      Што гэта за новае, пакутлівае адчуванне дадалося цяпер да астатніх? Няўжо прычына ў тым, што я спаў на голай зямлі? А можа, я адчуваю сябе так таму, што яшчэ не снедаў? Наогул кажучы, было абсурдна тое, як я павінен жыць: бачыць Бог, я рашуча не разумеў, за што мне пасланая гэтая кара! І я падумаў, што вельмі нават проста магу зрабіцца лотрам, магу занесці да «дзядзькі» ў заклад коўдру. Я атрымаю за яго крону, і гэтага мне хопіць, каб тры разы добра паабедаць, я пратрымаюся колькі магчыма, аж пакуль не падвернецца што-небудзь іншае, а Ханса Паўлі я як-небудзь падману. Я ўжо накіраваўся да ліхвяра, але спыніўся перад дзвярыма, няпэўна страсянуў галавою і завярнуў назад.

      Чым далей я адыходзіў, тым радасней мне рабілася ад думкі, што я пераадолеў гэтую цяжкую спакусу. Я думаў пра тое, што застаўся сумленным чалавекам, што ў мяне цвёрдая воля, што я – як той зыркі маяк, што ўзвышаецца над каламутным людскім морам, дзе плаваюць рэшткі караблёў, якія пацярпелі крушэнне, і цешыўся з гэтага. Закласці чужую рэч, толькі каб паабедаць, паступацца сумленнем праз кожны кавалак, лаяць сябе, называючы лотрам, саромецца перад самім сабою – не, ніколі! Ніколі! Такая думка не магла прыйсці мне ў галаву па-сур’ёзнаму, яе, можна сказаць, зусім і не было,

Скачать книгу