Голад (зборнік). Кнут Гамсун
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Голад (зборнік) - Кнут Гамсун страница 10
Гэта дзівосны стан доўжыцца, доўжыцца бясконца, і калі я нарэшце перапыняюся і адкладаю аловак, на маіх каленях ляжаць пятнаццаць, а то і ўсе дваццаць спісаных старонак. Калі толькі гэтыя лісткі сапраўды чаго-небудзь вартыя, я ўратаваны! Я саскокваю з ложка і хуценька апранаюся. Усё больш і больш бярэцца на дзень, ужо амаль можна прачытаць аб’яву наглядчыка маяка ўнізе дзвярэй, а каля акна ўжо так светла, што пісаць – адно задавальненне. І я адразу пачынаю перапісваць паперы начыста.
Мае фантазіі аздобленыя дзіўнай шчыльнай смугою, вытканай са святла і фарбаў; я ледзьве паспяваю здзіўляцца сваім удачам і кажу сабе, што лепшага за гэта я яшчэ нічога ніколі не чытаў. Шчасце ап’яняе мяне, радасць проста шугае ў маёй душы, я адчуваю велізарны ўздым; узважыўшы пачак лісткоў у руцэ, я тут жа ацэньваю іх на пяць крон, калі браць прыблізна… Бо за пяць крон анікому ў галаву не прыйдзе таргавацца: наадварот, можна смела сказаць, што, улічваючы змест майго рукапісу, нават дзесяць крон – нікчэмны кошт. Я не збіраўся рабіць гэткую выключную працу задарма; наколькі мне вядома, такія раманы не валяюцца на дарозе. І я вырашыў прасіць дзесяць крон.
У пакоі рабілася ўсё святлей; я зірнуў у бок дзвярэй і без асаблівых намаганняў прачытаў тонкія, падобныя да шкілетаў літары, якія абвяшчалі, што «ў пані Андэрсэн, праваруч ад брамы, можна набыць найлепшы пахавальны саян»; да таго ж гадзіннік унізе ўжо досыць даўно прабіў сем разоў.
Я адышоў ад акна і спыніўся пасярод пакоя. Калі ўсё добра ўзважыць, мадам Гунэрсэн вельмі дарэчы мне адмовіла. Гэты пакой зусім не для мяне; тут такія просценькія зялёныя фіранкі на вокнах, а ў сцены загнана так мала цвікоў, што няма куды вешаць вопратку. Крэсла-качалка ў куце, шчыра кажучы, толькі пародыя, вартае жалю падабенства качалкі, смех дый годзе. Акрамя таго, крэсла занадта нізкае як на дарослага чалавека і да такой ступені вузкае, што з яго даводзіцца самога сябе выцягваць, нібы тую нагу з цеснага бота. Адным словам, гэты пакой не прыдатны да разумовай працы, і мне ўжо не хацелася заставацца ў ім. Ні ў якім разе не хацелася! Занадта доўга я маўчаў, цярпеў і трываў у гэтай халупе.
Акрылены надзеяй і радасцю, усё яшчэ поўны думак пра свой выдатны твор, які я раз-пораз выцягваў з кішэні і перачытваў, я вырашыў, не губляючы часу, збіраць рэчы. Я дастаў вузельчык – пару чыстых каўнерыкаў,