Ланцуг (зборнік). Андрэй Федарэнка
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Ланцуг (зборнік) - Андрэй Федарэнка страница 4
Дзверы зноў расчыніліся, на гэты раз без стуку, і ў кабінет заглянуў загадчык аддзялення Сцяпанаў.
– Ну што? – сказаў ён і пастукаў пальцам па гадзінніку.
Стэльмах хутка сабраў гісторыі хворых, Вінярскі – рэнтгенаўскія здымкі, і дактары пайшлі на абход.
III
А шостай гадзіне вечара Вінярскі, апрануўшы свой доўгі белы плашч, з парасонам пад пахай, праз галоўны корпус – так было бліжэй да прыпынку – выйшаў на вуліцу. Дождж перастаў, хмара сплывала за Мінск. Адна палавіна вуліцы, у тым баку, адкуль павінен пад’ехаць тралейбус, была асветленая нясмелым пакуль сонцам – так бывае позняй восенню, калі сонца то зырка блісне, то зусім схаваецца; але паступова паласа шырэла, святлела, набягала сюды, на прыпынак. Вось сонечны промень зіхнуў, адбіўся ад пярэдняга шкла тралейбуса, які выплыў з-за павароту… Вось тралейбус спыніўся, густа плюхнуўшы вадой з калюжыны на ногі тым, хто тоўпіўся блізка, вось натоўп паваліў у яго, аж затрашчалі дзверы, а сонечная паласа пабегла і пабегла сабе далей, заліваючы святлом паўгорада.
Вінярскі пастаяў, паглядзеў на тралейбус, уявіў, як яму будуць наступаць на ногі, запэцкаюць плашч, будуць дыхаць у твар, будзе пахнуць спяцоўкамі і прэлымі парасонамі, – павярнуўся і пайшоў пехатою, як рабіў не раз. Ісці было далекавата, праз увесь праспект, ажно ў Вяснянку, затое цалейшыя былі нервы і дарогаю добра думалася. Вінярскі расшпіліў плашч, дастаў цёмныя акуляры – мокры тратуар блішчэў пад сонцам, і пайшоў няспешна, трымаючыся далей ад краю тратуара.
На мосце праз Свіслач ён закурыў, перагнуўся, стараючыся не запэцкацца аб мокрыя чыгунныя парэнчы, папляваў уніз, цэлячы слінаю ў качку, якая плавала і нырала блізка каля моста. Пакуль стаяў, яго прамінулі двое п’яных; ішлі, хістаючыся, трымаючы пад рукі адзін аднога – і пранеслі за сабою свой адмысловы пах… Вінярскаму зрабілася гідка, ён павярнуўся, каб зірнуць ім услед, і ўбачыў, што і п’яныя спыніліся і глядзяць на яго. Ён абышоў іх – і зноў той жа пах…
Вінярскі не любіў людзей. I гэтых п’яных, і тых, каго ён цяпер абганяў, і тых, што яго абганялі, і тых, што панабівалі сабою, як селядцы бочкі, аўтобусы і тралейбусы і ездзілі ў іх туды-сюды па праспектах і вуліцах… Ва ўсіх вачах, што на яго глядзелі, ён чытаў толькі прасцейшыя жывёльныя інстынкты: убіцца, уплішчыцца ў тралейбус, дабрацца да ларка, да таннага, разбаўленага піва, «на-бухацца», атупець яшчэ больш – гэта ў мужчын; у жанчын, растаўсцелых да сарака гадоў, як пацукі на кармавых дражджах, – дапасці да нейкай чаргі, адстаяць, пасварыцца, схапіць урэшце ў руку чаканую сінюю палку крухмальнай варанай каўбасы, ад аднога выгляду якой нармальнага чалавека павінна зблажыць… Згадаліся раптам свае пацыенты – з загноенымі дзіркамі на руках і нагах, з пакрыўленымі, няправільна зрослымі пасля пераломаў касцямі, з апухлымі, перакошанымі рожаю тварамі, з выродлівымі, як шары, фурункуламі…