Нічые (зборнік). Андрэй Федарэнка
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Нічые (зборнік) - Андрэй Федарэнка страница 5
Чуб з Гнатам пераглянуліся.
– Аддай назад, ну яго на… – сказаў Чуб. – Яшчэ заразу якую схопіш.
– А яны яму ўжо не спанадабяцца! – умяшаўся Мікола, які пільнаваў палонных і ўадначас паспяваў слухаць і глядзець, што тут робяць з Кецкам. – На тым свеце цёпла! – і зарагатаў падурному.
Кецку, як ні дзіўна, сцэна гэтая памагла, ён справіўся з сабою. Быццам гэты здзек з яго, палоннага, зараз узвысіў яго, а мучыцеляў прынізіў.
– Дурань, – павярнуўся да Міколы, сказаў даволі смела, – ды я б адно захацеў, дык і левай паспеў бы адправіць цябе туды, куды ты мяне адпраўляеш! Быў момант, вы ж усе спінамі да мяне стаялі!..
– Глянь ты на яго – герой! – здзівіўся Гнат і тут жа, заўважыўшы Кецкаў міжвольны рух, закрычаў: – Я табе дам рукі хаваць!! Хай праветрацца трохі – палезна!
– Наваюеце вы так…
– А ты за нас не перажывай, – прамовіў Чуб, аднак і яму, мабыць, зрабілася крыху ніякавата – на самай справе, за што здзеквацца з чалавека, ён жа не ўцякае, не абараняецца, без зброі… Чуб падумаў трохі і дадаў з важным выглядам, нават за вус узяўся і падкруціў. – Мы табе не балахоўцы і не нейкія там «зялёныя», мы – армія Беларускай Народнай Рэспублікі, чуў пра такую? І радуйся, што на нас напаў. З палонных мы не здзекуемся, а па правілах ваеннага часу здаем у контрразведку.
– Дык здавайце, а не…
– Ты што, Чуб?! – абарваў Кецку Гнат, вылупіўся на Чуба сваімі пукатымі і ўсё адно прыгожымі вачыма. – Перапіў? Ці не дапіў? Якая контрразведка?! Ты не адсюль, не ведаеш, што за ён— затое мы добра ведаем!.. Ды па ім самая сухая асіна ў тым вунь лесе плача, і вяроўка вось гэтая вось!
– Аддай, аддай, кажу, рукавіцы палоннаму, – усё адно распарадзіўся строга Чуб.
Гнат, хоць і не вельмі ахвотна, але паслухаўся. Не падаў, а кінуў рукавіцы Кецку пад ногі. Той падняў; калі насоўваў на рукі, скасавурыўся на чыронаармейцаў пры сцяне. Не даючы ўвагі Гнату, ціха прамовіў да аднаго Чуба як бы ў падзяку за тое, што заступіўся:
– Мне трэба да вашага камандзіра, да Чайкі… Ёсць што сказаць яму. Ён мяне добра ведае.
– Вово! Такіх ён і ведае, – усміхнуўся Гнат.
– Пачакай, – сказаў Чуб, – да Чайкі, дык да Чайкі. Можна і да Чайкі… А пакуль— тварам да сцяны, як і ўсе!
І калі Кецкарэўкамавец паслухмяна і хуценька, нібы збавенне яму было ў тым, што ставяць яго «да сценкі», выканаў загад, Чуб нагнуўся, бо быў на паўтары галавы вышэйшы за Гната, штось шапнуў таму на вуха…
Гнат ашчэрыўся ва ўсмешцы:
– Хіба што так!
На ганак вылецеў задыханы Дзяніс, з драўляным заступам у адной руцэ, з венікам у другой, усім сваім выглядам паказваючы,