Джульета і экстрасэнс (зборнік). Таццяна Мушынская
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Джульета і экстрасэнс (зборнік) - Таццяна Мушынская страница 7
Сапраўды, калі пачала глядзець ноты другі і трэці раз, яны – вось дзіва! – ёй спадабаліся. Тое, што спачатку раздражняла і перашкаджала, некуды знікла, а на першы план выйшла раней незаўважанае: свежасць, нечаканасць інтанацый і музычнай мовы. Значыць, спрачаліся нездарма! Шыпы перасталі калоцца, нарэшце Надзя адчула слабы, ледзь улоўны пах ружы. Першую частку цыкла яна падрыхтавала сама, начарна, каб паказаць аўтару, што атрымалася з яго задумы.
Квітнеў май. Вабіла вока і маладая, нясмелая лістота, і кранальна-пяшчотная зялёная трава. Пад раскрытым акном шчабяталі, як птушаняты, нейчыя дзеці. Усё цешыла слых і жывіла душу.
Пасля доўгай і нуднай зімы, калі спявак павінен увесь час думаць, каб – крый божа! – не сказаць на марозе лішняга слова, каб не прастудзіць горла, не выпіць халоднага, можна было проста жыць, радавацца добраму надвор’ю і быць шчаслівай.
Той вясной у Надзіным жыцці ўсё неяк ладзілася. Ні сын, які ўжо хадзіў у трэці клас, ні маці не хварэлі, сесія, якая вымотвала нервы і забірала ўвесь час, у вучылішчы яшчэ не пачыналася. У дадатак нядаўна Надзя вярнулася з невялікіх гастроляў, у запасе меліся грошы, і можна было не баяцца, што ў вучэльні або філармоніі своечасова не выдадуць зарплату.
Вядома, лепей выконваць твор тады, калі канцэртмайстар сядзіць за раялем, іграе, а артыстка спявае. Але ў той дзень у Ірачкі ніяк не атрымлівалася прыйсці на рэпетыцыю. Таму Надзя сама села за фартэпіяна. Тым больш, што паказ чарнавы. На пюпітры стаялі раскрытыя ноты. Маэстра прысеў побач. Яна збіралася заспяваць першы раманс, таму зірнула на кампазітара, каб адчуць яго настрой і зразумець, пачынаць ці не. Ці гатовы ён слухаць? «Чаму раней я не заўважала гэты амаль рымскі профіль? I графічную выразнасць рыс яго твару таксама не бачыла?» – мільганула ў яе думках.
Сёння яго твар быў не такі, як Надзя прызвычаілася бачыць. Што было іншае? Напэўна, позірк. Прачытала ў ім захапленне і яшчэ штосьці, што не змагла вызначыць словам. Гэтае «штосьці» яе напужала. Сэрца ёкнула. Трэба пачынаць, паўза відавочна зацягвалася. Але, відаць, яго біяполе, якое Надзя ўпершыню адчула так блізка, аказалася мацнейшае за яе. Кажуць, у самалёта, які нечакана трапляе ў зону ўздзеяння НЛА, перастаюць працаваць прыборы, іх зашкальвае, і разгублены лётчык не можа як след кіраваць машынай. Так і тэксты твораў, якія Надзя збіралася спяваць, імгненна вылецелі з галавы.
Напэўна, усё доўжылася пэўныя долі секунды. Яна адчула, што далейшае развіццё падзей непрадказальнае. Так яны нічога не зробяць! Але здавацца адразу было нельга. Надзя паспрабавала супраціўляцца. I, не гледзячы яму ў вочы, ціха сказала:
– Вы мяне збіваеце з патрэбнага настрою. Я не магу так спяваць. Пераключыце, калі