Сакрамэнта. Галіна (Галіна Багданава)
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Сакрамэнта - Галіна (Галіна Багданава) страница 25
Той, у чырвоным пінжаку, як бы працверазеў, ды не, ён зірнуў на яе зусім цвяроза і вымавіў неяк глуха, сам сабе не верачы: – Гэта Вы, Марыя Пятроўна? Гэта Вы?
Бутэлькі ў сумцы ціха дзынкнулі. Празрыстая і Зялёненькая, як самыя цікаўныя, сцішылі дыханне. А яна, яна яго ці пазнае?
Вірус азвярынус
Містычны эцюд
Падобны выпадак, як паведамлялася ў тэленавінах, сапраўды меў месца зімою 1992 года ў адным з гарадоў СНД. На Беларусі тады хадзілі грошы з вавёркамі, зайцамі, рысямі, ваўкамі, мядзведзямі…
Усю дарогу да суда Марына Макаранка, цяпер карэспандэнт камерцыйнай газеты «Пра ўсё», не магла пазбыцца дзіўнага адчування: час спыніўся і ніколі, ніколі ўжо не рушыць наперад. А тут яшчэ пара такая… Куды б ні йшоў, і выходзіш, і вяртаешся пад месячным святлом. Сонца быццам і не паказваецца. Адна суцэльная ноч. Мароз ломіць, страляе ў дрэвах. А снегу ўсё няма й няма. І цені ломяцца на гурбах леташняга лісця. Амаль як ва ўчарашнім фільме. Канец мінулага стагоддзя. Ваўкалакі. Звер з чалавечымі вачыма. Чалавек з налітымі крывёю вачыма звера.
Учора на паўторнай судова-псіхіятрычнай экспертызе яна ўспрыняла словы доктара Сянькоўскага як зусім недарэчны жарт. Нават на дыктафон не стала запісваць. А сёння словы гэтыя, быццам падсвечаныя неонам, набылі не тое што рэальны, а нейкі містычны сэнс…
– Ну, калі вам так хочацца выдаць яго за хворага, напішыце, што ў яго вірусная інфекцыя, новы паслячарнобыльскі вірус. Вірус азвярынус. У Закаўказзі – панэпідэмія, пандэмія. У нас – першы выпадак. Чалавек з душою, з вачыма здзічэлага сабакі…
Чалавек з вачыма здзічэлага сабакі… Яна, Марына, яшчэ не сустракалася з ім. Толькі фотаздымкі… Лысенькі бяззубы галышок. Сцяганосец у піянерскім лагеры. Сярод дзяўчат на першай і цяпер, пасля ўсяго, што адбылося, пэўна ж апошняй сваёй студэнцкай бульбе. Не. Ён там зусім не падобны на хворага, здзічэлага вылюдка.
Яна зноў, ужо каторы раз супастаўляла раскіданыя па розных блакнотах факты, спрабавала дакладна аднавіць у памяці дыктафонныя запісы. Бацькі, настаўнікі, аднакласнікі, сябры… Пайшлі ў рэстаран адзначыць пачатак заняткаў. Выпілі. Шампанскае, гарэлка. Патанцавалі. Ён, Сяргей Б., увесь час з адною і тою ж, нікому не знаёмаю дзяўчынай. Пайшоў правесці. І не дзе-небудзь на зацішнай пустцы, а пад ліхтаром, ля самага ейнага дома, у двары накінуўся на яе і скусаў да крыві, загрыз… як сабака.
Ізноў гэтае слова. Цяпер ужо ў зале суда.