Пакахай мяне, калі ласка… (зборнік). Коллектив авторов
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Пакахай мяне, калі ласка… (зборнік) - Коллектив авторов страница 19

Пасля гэтага з Касіяпеяй былі праведзеныя жорсткія выхаваўчыя гутаркі, і быў выдадзены зацверджаны агульным галасаваннем спіс дазволеных парадаў. Гаварылі тады, што Касіяпея наўмысна нагаварыла лухты, каб назаліць Трыстане, прыгожым валасам якой вельмі зайздросціла.
Сама ж Касіяпея выглядала даволі звычайна, не асляпляла прыгажосцю, але ж шторазу спускалася есці ў строях з розных эпохаў. То гэта было нешта сярэднявечнае, то егіпецкія строі (яны пасавалі ёй найбольш). А аднаго разу яна з’явілася ў скураных нагавіцах ды каўбойскім капелюшы, цягнучы за сабою каня, які, дарэчы, адзіны тады павячэраў. Каня давялося пакінуць у Замку, бо пераправіць яго на Дзікі Захад Касіяпея не здолела. Конь, дарэчы, ні з кім і не пасябраваў ды так і згубіўся недзе ў замкавым лабірынце. Быў здарыўся і маленькі скандальчык, выкліканы з’яўленнем Касіяпеі ў касцюме Евы.
З часава-прасторавымі маніпуляцыямі Касіяпеі таксама надараліся розныя казусы. Аднойчы ў выніку розных махінацыяў усю выспу адкінула ў плейстацэн, і над Замкам залуналі розныя археаптэрыксы, а Харон з непадробным здзіўленнем выцягнуў з вады трох трылабітаў. Гэта працягвалася нядоўга, да вялікага шкадавання Фата-Мантаны, якая марыла на ўласныя вочы пабачыць «жывых дыназаўрыкаў». А вось заява Касіяпеі пра тое, што яна выпадкова трапіла ў будучыню ды адсутнічала тысячу гадоў, але гэтага ніхто не заўважыў, – выклікала багата плётак. Злыя языкі сцвярджалі, што ў яе пакойчыках папросту схаваная звычайная Машына Часу.
У замкавай вежы бавіць свае бясконцыя дні Мандрагора-Беладонна, якая займаецца пошукамі сэнсу жыцця. Яна толькі і робіць, што ляжыць ды адсочвае рух аблокаў, што праплываюць па-над вежай. Яшчэ, калі даць веры назіранням жыхароў, яна прачытала ўсе кніжкі з замкавае бібліятэкі, якая, між іншым, налічвае не адну тысячу тамоў. Натуральна, раз-пораз Беладонне надакучвае гэтае бесперапыннае лайдацтва, таму яна спускаецца з вежы ды блукае па Замку, распытваючы сустрэтых: «Ці не бачылі вы тут Сэнсу Жыцця?» На іхныя просьбы растлумачыць, як выглядае гэты сэнс, яна толькі ўздыхае ды пераводзіць размову на іншыя тэмы. Дарэчы, вечаровыя аповеды Беладонны найбольш цікавыя, толькі вось А-Гуру-Уок заўжды перапыняе яе ды сцвярджае, што ён пра гэта ўжо недзе чытаў.
Яшчэ Беладонна вельмі любіць глядзецца ў люстэркі ды мае спадзеў аднойчы даведацца, што менавіта адбываецца па той бок амальгамы ў час, калі ў люстра ніхто не глядзіць. Да таго ж Беладонна неяк няўзнак пасябравала з Трыстанай, і яны ўдзвюх раз-пораз сядзяць у вежы ды вядуць розныя бясконцыя гутаркі. Праз гэтае сяброўства Беладонна пасварылася з некаторымі жыхарамі Замка: надавала поўхаў Анёлку-Галубочку,