Пакахай мяне, калі ласка… (зборнік). Коллектив авторов
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Пакахай мяне, калі ласка… (зборнік) - Коллектив авторов страница 5
Прахалода, якая цяпер амаль заўсёды панавала ў доме, была насамрэч патрэбна Соні. Жарсць і спакуса, гэтыя два пякучыя словы, з шыпеннем правальваліся ў нейкія сцюдзёныя воды, не пакідаючы нават бурбалак, ці, можа быць, адно бурбалкі і пакідаючы. Таму, прачнуўшыся пацалаванай, Соня баялася паварухнуцца. Каб не спужнуць, каб успомніць.
Тое, што пачало адбывацца з Соняй пазней, не мела для яе ніякіх тлумачэнняў. Чароды вобразаў цяклі ў яе душу амаль без перастанку, прынамсі, калі яна заставалася ў доме. (Хіба што апоўначы на кароткі час свядомасць вызвалялася, расцякалася спакойнай роўняддзю па-за ўласныя межы.) …Пад млынавы грукат да яе даносіліся галасы ўзброеных людзей. Змест гаманы было не ўцяміць, гаворка нагадвала птушыныя перагукванні. Варта было пасунуць галаву на падушцы трохі ўбок, і відзежа квітнеючай яблыні запаланяла сабой усю прастору яе пакоя (ці быў то пакой?). Дрэва, што ўвабралася ў самы росквіт, абтрасала ружовыя пялёсткі на цёмную галоўку малога пастушка, што сядзеў пад ім. Грукат млына раптоўна змешваўся з нарастаючым гулам падаючага з неба жалеззя, і пасля Соня ўжо не бачыла, але чула плач і стогн многіх людзей. Ізноў чула плюскатанне вады ды бачыла збялелыя вершаліны ўспоратага чароту, зялёныя пагоркі і горад на даляглядзе…
Аднойчы ўначы праз сон ёй падалося, што хтосьці пазваніў у дзверы. Соня дасюль не ведае, ці падхапілася яна насамрэч, ці ўсё адбывалася падчас яе сну. Але калі яна ўзялася за клямку, дык раптам зразумела, што адчыніць дзверы не здолее, а калі б і магла, то забаялася, што ўяўная вада вырвецца з яе кватэры навонкі ды проста змые начнога госця. І гэта было відавочна. Адно што ранкам Соня не магла ўцяміць, як жа сама яна магла знаходзіцца тут, да таго ж унізе таксама жылі людзі. Пасля той ночы Соня заўважыла змены ў сваёй кватэры. Яе белыя шпалеры пакрыліся тонкім, бы павуцінне, малюнкам, падобным на выявы вадзяных раслінаў, а пад босымі нагамі дзе-нідзе шамацеў белы рачны пясочак, бы хтосьці знарок рассыпаў змесціва шклянога гадзінніка. Соня баялася паверыць самой сабе.
Начны госць прыйшоў наступным разам. Сон аказаўся ў руку: на парозе стаяў чалавек з мінулага. Яе нарачоны. Раптоўная хваля радасці ледзь не збіла Соню з ног. Усё адбылося амаль з дакладнасцю да наадварот. Толькі цяпер гэта была зусім не хваля сцюдзёнай, звыклай вады яе асяроддзя. Мяккі штуршок у грудзі прымусіў Соню зрабіць крок назад ад расчыненых дзвярэй, у паўцемру свайго пакоя, якая сцялася ў яе за спінай у прытоеным