Пакахай мяне, калі ласка… (зборнік). Коллектив авторов
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Пакахай мяне, калі ласка… (зборнік) - Коллектив авторов страница 7
![Пакахай мяне, калі ласка… (зборнік) - Коллектив авторов Пакахай мяне, калі ласка… (зборнік) - Коллектив авторов Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка»](/cover_pre365104.jpg)
У Зафеі сёння было шмат справаў. Упершыню за апошні час. Яна азірнулася на свой дом, стромкі белы хмарачос, падобны адначасова на вежу і чымсьці на карабель, калі была ўжо на другім баку вуліцы.
Аліса Бізяева
Нашы з табой падарожжы
Зорны дождж
Сёння ноччу дамовіліся не спаць, а ісці збіраць зоркі. Каб не заснуць, сядзелі ля каміна, гледзячы на тое, як іскры, нібыта зоркі, ляцелі ўверх, пад дах. Выйшлі на вуліцу пабачыць, што ўсе яны праз комін ляцяць у неба. Зразумела, зоры, нібыта пара з вады, узнімаюцца ад гарачага вогнішча, а потым праліваюцца на зямлю метэарытным дажджом.
Зоркі падалі адна за адной. Мы ўладкаваліся ў садзе і шукалі агеньчыкі ў траве. Я збірала іх на празрыстую ніць, каб увіць у твой летні капялюшык. Хутка атрымалася нізка такой даўжыні, што я абгарнула яе вакол сваёй таліі дванаццаць разоў.
Мора было неспакойнае. Хвалі звіваліся скруткамі і неслі да нас зоркі – аскепкі люстэрка – і начныя дрыжыкі. Добра купацца ноччу, калі нікога няма на пляжы, калі вада не цёплая, як у ванне, а прахалодная, крыху пякучая, як малочны кактэйль, што трэба піць хутка. Я ўзяла толькі самае неабходнае: кнігі, дыванок для медытацыі, калекцыю каменьчыкаў і раслінаў з розных краінаў, слоўнік, сухія фарбы, універсальную дошку для гульняў.
Поруч мы пайшлі па вадзе, каб там, на глыбіні, падскочыць разам і апынуцца пад вадой па самыя плечы. Ты ішоў крыху наперадзе і пакідаў за сабой на вадзе бліскучы след, які змывала апераная хваля. Мой след бачылі толькі самотныя медузы. Мы ішлі насустрач поўні па вогненнай дарозе, каб не заблукаць – вяртацца будзем тым жа шляхам, калі зойдзем за гарызонт на той бок Зямлі і поўня апынецца за намі. Мы мінулі кароткую пярэспу; яшчэ некалькі крокаў, і можна ныраць. Падскочылі і ўвайшлі ў ваду, густую, як кісель, і аскепкі вадзянога люстэрка разляцеліся ўва ўсе бакі, ізноў нагадаўшы пра зоры. Вада свяцілася. Было прыемна плыць, адчуваючы, як кожны наш рух рассыпаецца бразгатлівымі срэбнымі званочкамі – рукі нібыта ў брыльянтавых пальчатках па самы локаць, на шыі – каралі з каштоўных камянёў, якія змяняюцца няспынна.
Я ўсміхнулася табе, а ты ў адказ паглядзеў добрымі глыбокімі вачыма. І падалося, так можна плыць цэлую вечнасць, незважаючы на тое, што ногі паступова пачыналі сцюдзянець. Я ведала, калі пачну стамляцца, магу ўхапіцца за твае валасы і плыць далей, трымаючыся за цёплую шыю. Мы плылі так усю ноч і ўвесь наступны дзень, чакаючы цемры і месяцавай сцяжынкі, якая паказала б нам дарогу. Хутка мы пабачылі супрацьлеглы бераг.
Гэта быў такі ж самотны пляж, як наш. Па ім вецер ганяў пялёсткі ўчарашняга туману. Вечар ужо адаслаў наперад свой прахалодны подых. Мы выйшлі