У святой краіне выгнання. Ала Сямёнава
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу У святой краіне выгнання - Ала Сямёнава страница 36
Былі лагеры, потым – нібыта ўтварылася суцэльная зона, дзе гаспадары жыцця – гандляры і крымінальнікі. Як на гэта глядзіць Анёл у цені сваіх крылаў?
Сістэма… Дана часам адчувала ўсё ж яе ланцуговы хапок. У сёмым класе ўсе гуртам падалі заявы ў камсамол. І вось тут ачмурэлы троечнік Філіпенка, што заўсёды бессаромна спісваў у яе, абвясціў, што, па-першае, бацька Даны Азарэвіч немаведама дзе, прапаў без вестак – але ж адкуль ён, паскуднік, гэтую звестку вышкрабаў? Дана сном-духам не ведала, дзе ягоны, Філіпенкавы, бацька, хто ён, ёй гэта было нецікава. Па-другое – адкуль у гэтага слімака з’явіўся пафас? – дык вось, па-другое, адзначыў Філіпенка, прымаюць толькі тых, хто нарадзіўся ў першай палове года, а Дана Азарэвіч з’явілася на свет толькі ў жніўні. Зноў – адкуль ведае? Яна яго ніколі на дзень нараджэння не запрашала. Дырэктар школы абурыўся, выдаў гнеўную філіпіку таму Філіпенку. Ажно «праўдашукальнік» давёў свае важныя «агентурныя звесткі» ў райкам камсамола. Прынятыя важна пачапілі адзнакі УЛКСМ. Дана сціпла адышла ўбок.
Пасля сёмага класа Філіпенка знік – упёкся, падобна, недзе ў тэхнікум. А Дану прынялі ў камсамол ў ліпені. Усе былі на вакацыях, Дана зайшла ў райкам адна, атрымала білет, як звычайную паперчыну ў вокладцы, і спакойна рушыла дадому. Крыўды не было, не было і свята. З урачыстасцямі запраграмаванымі Дане не вельмі шанцавала. Не супадалі яны з нейкім рытмам светапарадку.
А што да Філіпенкавага выпаду і ўвогуле подласці, дык тут Дана так ніколі і не навучылася вялікаму мастацтву папярэджваць удар. Не навучылася недаверу і асцярожлівасці. У яе заставалася не толькі ахілесава пята. Гэтых пят было больш, як павінна быць паводле натуры. І іх можна было ўжыгнуць, параніць, падпаліць. І тады, мабыць, Анёл у цені сваіх крылаў паглядаў на яе спагадліва. Ажно і з іроніяй. Ну, што? І калі ты навучышся разумець жыццё? Легкаверная. Легкадумная. Ідэалістка.
Вясна
Але ж затое якім хвілінам відавочна спрыяў Анёл! Зімой. Летам. Вясною.
Вясна звінела і ззяла ручаінамі, што дзелавіта і весела спяшаліся па Мінскай, Гродзенскай, Слонімскай, Першамайскай. Сонца нібыта разляцелася на мноства аскепак-бліскавак і вырашыла кватараваць на зямлі.
Плылі званы Барысаглебскай і Мікалаеўскай цэркваў, нястомна прастуджанымі галасамі вялі гамонку вароны. Заканчвалася чвэрць, надыходзіў канікулярны тыдзень. Надыходзіў Вялікдзень. З урачыстымі тварамі людзей у касцёле.
З кнігай, якую дала чытаць пані Магда. «Аповесць пра адну душу». Аповесць святой Тэрэзы з Лізьё. І «здагадалася, даведалася, што кожны чалавек мае сваё прызванне і свой крыж… А святыя адным фактам свайго існавання ператвараюць зямлю граху, нянавісці і пакут у прыстанак праведнасці, любові і дабрачыннасці…»
Праз гады ў яе горад і да яе фары ехалі людзі, каб пакланіцца пакутніцам-назарэтанкам.
Можа, таму ля касцёла так любіла быць Дана? І адчувала – тут запаветны