У святой краіне выгнання. Ала Сямёнава

Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу У святой краіне выгнання - Ала Сямёнава страница 33

У святой краіне выгнання - Ала Сямёнава Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка»

Скачать книгу

водар, што бывае толькі напрыканцы лета. Гэта той самы водар, у якім ёсць наіўнасць чакання і трывога пераходу з аднаго стану ў другі. Суцэльна вольная істота засталася за парогам першага верасня. Але і ўнармаваны, цалкам падпарадкаваны звычнаму цыклу дзень – яшчэ наперадзе. А пакуль што – некалькі ні на што не падобных тыдняў. Ужо заняткі – але няма нудотнага атожылка «маці вучэння»: няма чаго паўтараць. Няма кантрольных, і хатнія заданні нагадваюць хутчэй гульню – розныя ўводзіны, перадумовы, уступы. А затое – сустрэчы: за лета ўсе змяніліся больш, як пазней за гады. А затое – новенькія: цікава. Затое – новыя настаўнікі – адкрыццё.

      Увосень і ўвесну Дана выпраўлялася ў школу паўз замак, вузенечкай сцежкай каля Буячыхінай хаты – потым ад той сцежкі не засталося ані знаку: адзін хмызняк. А тады можна было хуценька прабегчы тут, падняцца на горачку, прайсці па валейбольнай пляцоўцы, дзе пазней паставілі помнік Паэту, і з задавальненнем адштурхоўвацца ад гравейкі па шырачэзнай строме – да школы. Шлях гэты быў карацейшы, але не тое мела асобы смак. Ісці кругаля вуліцай было нецікава, тут ішлі ўсе, тут ты нібыта ўступаў у шэрагі і павінны быў крочыць крок за крокам у агульным рытме, агульным выяўленні, агульным… А ёй хацелася ісці сваім шляхам.

      …Вокны іх класа глядзелі на гару, і падчас урокаў беларускай мовы і літаратуры па гэтай горцы гойсалі дзеці вайскоўцаў, вызваленыя ад заняткаў і гэтай мовай, і гэтай літаратурай, а яны ўсе – амаральна і непатрыятычна – зайздросцілі ім. Што гэта амаральна – Дана разумела і тады. Што непатрыятычна – даўмелася нашмат пазней. Што яны, бэйбусы на горцы, згубілі непапраўна многае – уявіла сабе таксама не ў тыя вераснёўскія дні. Ажно – яны так і не даведаліся аб прыгодах дзядзькі ў Вільні і пра тое, што было раніцай у нядзельку ў лесніка Міхала, не ведалі нічога пра адвечную песню, спраўджаную «ўсясільнай рукою тварэння»… Не адчулі горкай асалоды слоў:

      Калісь глядзеў на сонца я,

      Мне сонца асляпіла вочы.

      Ды што мне цемень вечнай ночы,

      Калісь глядзеў на сонца я.

      І пазней – яны не ўведалі ні пра ўцеху думкі – выспу Патмас, на якую трэба ехаць у залатым чаўне ўспамінаў, бо «ўспаміны маюць вялікую моц». Ні пра ладдзю Роспачы і Хрыста, што меўся прызямліцца ў Гародні. Ні пра Алеся Руневіча, які хадзіў тымі ж сцежкамі, што і яны. Ні пра «смаленне вепрука». Ні пра краіну Ідылію.

      Тады Дана не магла ўсвядоміць гэтага і не брала да галавы тых думак. Але ж у ласкавы вераснёвы дзень, калі самая пара ўсё кінуць і гойсаць па парку, яны, пакутнікі, павінны сядзець на ўроку суседкі Даны, Надзеі Адамаўны. Праз нейкі час пра «шчасліўцаў» на горцы забываліся і слухалі – пра Нясвіжскую семінарыю, пра Горы-Горацкую акадэмію… Голас Надзеі Адамаўны ўтульна парыпваў, як пяро на паперы, а рука секла паветра, нібыта падкрэслівала яе ўлюбёнае: «Мысліце пра будучае».

      Тады Дана не думала ні пра будучае, ні пра мінулае. Яна нібыта плыла на чоўне нейкага вераснёвага дабраўладдзя. Да дошкі яшчэ не выклікалі, не трэба было нервавацца. Дана

Скачать книгу