Пантофля Мнемазіны. Людміла Рублеўская
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Пантофля Мнемазіны - Людміла Рублеўская страница 12
– Бярыце хворага і ў аперацыйную.
Рэм саскочыў з грузавіка на вільготную зямлю, якая незадаволена чмякнула пад ягонымі ботамі.
– Жэнька! Ты?
Жанчына ў белым халаце азірнулася, вусны трошкі-трошкі кранула былая шчырая ўсмешка:
– Прывітанне, Рэм! Давай усе пытанні пасля, а?
Калі Корвуса занеслі ў дом, Рэм агледзеўся вакол і, як ні дзіўна, нават памятаючы пра бетонную агароджу і калючы дрот, марлевыя павязкі і невядомыя страшныя хваробы, адчуў сябе незвычайна свабодным.
Раздзел трэці
Гняздо крумкача
Я дачытала фанфік Grjaznogo ubludka і, не адрываючы вачэй ад манітора, паспрабавала адпіць з пустога кубка каву. Прычым не адразу зразумела, што ён пусты. Вось жа, супакоіла сябе пасля сузірання на станцыі метро ўваскрэслага мужа.
Тое, што чарговы дасланы мне як адміну тэкст апавядаў пра нейкага Корвуса, падавалася дурной містыкай. Нашэсце крумкачоў…
Я неслухмянай рукой паставіла на стол кубак з лагатыпам метрапалітэна, падобным да чырвонага нязграбнага птаха з квадратнымі крыламі. Шкада, што, выходзячы з сеціва, нельга ляснуць дзвярыма.
З чаго б гэты Ублюдак даслаў раптам не фанфік пра якогась Тора альбо джэдая Люка Скайуокера, а арыджынал, гэта значыць, цалкам самастойны твор? Чаму на гэты задрыпаны сайт, запаведнік няпужаных графаманаў, а не на якую Прозу. Ру? І што мне з тым аповедам рабіць, выстаўляць ці не на агульнае прачытанне? Я, вядома, не літаратурны крытык, але магу адрозніць опус пра палкае каханне Мэры Сью і Арагорна, усе гэтыя «Трепеща, как птичка на проводах высокого напряжения, я приблизилась к предмету своего вожделения», ад сапраўднага мастацкага твора, а «Ордэн захавальнікаў» ім быў. А можа, Ублюдак сплагіяціў?
Вы спытаеце – чаму гэта я такая спакойная пасля з’яўлення нябожчыка і рэфлексую пра фанфікі…
Напэўна, мне належала загарлаць, тыцкаючы пальцам у манітор, кінуцца даганяць… Каго? Чалавек, якога я бачыла, мог быць Корвусам. А мог быць страшэнна да яго падобным. Кажуць жа, што ў кожнага з нас ёсць двайнік. Допельгангер. Гі дэ Мапасан аднойчы бачыў яго – вярнуўся дадому, а двайнік у фатэлі ля каміна сядзіць. Гётэ таксама допеля сустрэў, калі ехаў у карэце на Страсбург. Той стаяў на ўзбочыне, апрануты ў шэры сурдут з залатой вышыўкай, які ў стваральніка Фаўста з’явіцца праз восем гадоў. Імануіл Кант, Персі Бішы Шэлі, лорд Кавендзіш, Сяргей Ясенін… Ведаюць пасланцы Аіда, каму з’яўляцца. Часам мы бачым двайніка як цёмны сілуэт альбо празрыстую смугу…
Але ніякай містыкі я не адчула. Віталь