Пантофля Мнемазіны. Людміла Рублеўская

Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Пантофля Мнемазіны - Людміла Рублеўская страница 13

Пантофля Мнемазіны - Людміла Рублеўская

Скачать книгу

Альбо яго непрытомнае цела забралі змоўшчыкі. Ён ачуняў, змяніў імя і знешнасць… Жыве як іншы чалавек, бо не хоча ў турму за старыя грахі. Альбо не памятае, хто ён, страціў магію. Альбо хаваецца ад няшчаснага кахання (да Гары Потэра, вядома).

      Але каб хацеў Корвус проста знікнуць – ён і так за мяжой быў… Навошта вярнуўся на Беларусь і якім чынам?

      Тут хутчэй падыходзіць аналогія з фандомам Шэрлака Холмса. Геніяльны слядак зваліўся ў Рэйхенбахскі вадаспад разам з прафесарам Марыярці. А насамрэч таксама інсцэнаваў сваю смерць і вярнуўся праз нейкі час у Лондан, каб давершыць справу выкрыцця злачыннай арганізацыі. Статус нябожчыка дазволіў лягчэй праводзіць расследаванні.

      Якая ж важная недавершаная справа ў Корвуса?

      Я ледзь успомніла, што зараз трэба выходзіць, давялося людзей расштурхоўваць. Нават значок з заплечніка, самы прыкольны, з няшнай постаццю прафесара Снэйпа ў стылі анімэ, з надпісам «Не хвалюйся, я бессмяротны» адчапіўся і застаўся дзесьці за жалезнымі дзвярыма цягніка.

      Я завярнула за шэра-мармуровую калону станцыі і сутыкнулася з маладой чарнявай кабетай у паношанай балонневай куртцы колеру капуснага ліста. Кабета, сагнуўшыся, старанна лічыла грошы. Ад майго штуршка адна паперка паляцела на падлогу. Маё «прабачце» непрыкметна растала ад палючай нянавісці чорных вачэй. А гэтую спадарыню я ж нядаўна бачыла ў вагоне – яна гнюсавым плачучым голасам старанна выгаворвала: «Выбачайце, што я адцягваю вашу ўвагу. Я не падманваю вас, дарагія людзі. Збіраю грошы на аперацыю дачцэ. Дапамажыце, хто чым можа, блаславі вас Гасподзь». Плач у голасе гучаў занадта прафесійна. Акцэнт сведчыў, што спадарыня не мясцовая. І я, гэтак жа, як многія пасажыры, утаропілася ў шпалеры з кнігамі і праігнаравала пацёрты поліэтыленавы пакет з міласцінавымі купюрамі, які на пару імгненняў затрымаўся перада мной.

      Кабета не дала сіняй паперцы ўпасці на бетонную падлогу, спрытна падхапіла, быццам птушка матыля.

      – Што лупішся? – цяпер яе голас зусім не плакаў і не маліў. – Будзеш, красунька, з нябожчыкам цалавацца!

      Мой погляд зачапіўся за танныя завушніцы ў выглядзе птушыных пёркаў з белага металу, што пагойдваліся ў вушах чарнявай жабрачкі. Я яшчэ раз мармытнула абсалютова непатрэбнае «Прабачце» і бегма пакінула станцыю. «Цалавацца з нябожчыкам»… Гэта праклён, прадказанне ці прапанова?

      Я нацягнула на галаву капюшон талстоўкі – красавіцкі вецер насвістваў у вушы штось сімфанічнае. Мокры асфальт, белыя захляпаныя красоўкі з калісь жоўтымі шнуркамі… З чаго ж пачаць росшукі свайго нябожчыка?

      Ясная справа, з мінулага. Раптам мар’інагорская цётачка штосьці ведае? Месяц таму сама мне патэлефанавала, прычым двойчы. Пыталася, чаму не прыязджаю. Маўляў, у рэчах пляменніка, пакінутых у яе доме, маецца адрасаваная мне рэч. Пакет, канверт… Не памятаю. Але я па-ранейшаму хацела пазбавіцца ўсялякіх успамінаў і нават не падумала ехаць забіраць у той час як сама ўсё Віталева аддала.

Скачать книгу