Пантофля Мнемазіны. Людміла Рублеўская

Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Пантофля Мнемазіны - Людміла Рублеўская страница 16

Пантофля Мнемазіны - Людміла Рублеўская

Скачать книгу

разуліся да шкарпэтак (пантофляў нам не прапанавалі). Алена Рыгораўна – ёй бы іграць улюбёную дачку злой мачыхі беднай сіроткі, тую, дзеля якой у сіроткі адбіраюць усё, ад напрадзеных нітак да багатага жаніха, буркатнула: «Праходзьце». Тоўсты кацяра на канапе скрывіў пляскатую пысу і адвярнуўся. У серванце бялеў падораны нам з Корвусам на вяселле сервіз, з кучаравымі пастушкамі і кветкавымі гірляндамі. Пахла таннай пудрай і карвалолам. Фотаздымка зніклага пляменніка не відаць нідзе.

      Алена Рыгораўна так і не спытала, што за фацэт прыйшоў з жонкай пляменніка, нават не кінула на Мацея ніводнага цікаўнага позірку. Раздражнёна дастала з шуфляды пакет, загорнуты ў цэлафан:

      – Зрабіла ласку завітаць, дык бяры. Віталь перад ад’ездам свае рэчы спакаваў, каб у Мінск перавезці, так і стаялі валізы ў кладоўцы. Перад новым годам вырашыла перабраць, падалося, што моль там развялася. А ў валізе зверху вось гэта… Табе адрасавана. Вырашыла, варта перадаць, хоць табе, даражэнькая, відаць, усё роўна.

      Пляскатвары кацяра лена саскочыў з канапы і ці сослепу, ці ад шкоднасці зрабіў спробу патачыць кіпці аб Мацееву лытку. Камуфляжная тканіна нагавіцаў разышлася з агідным трэскам.

      – Б-брысь, жыв-вёла!

      Алена Рыгораўна падхапіла на рукі раскормленага хатняга бажка:

      – Не бойся, Магнацік!

      Баяцца відавочна належала непачцівым гасцям, пра што сведчыў раз’ятраны выраз твару гаспадыні. Мы паспешліва развіталіся, нават шнуркі не сталі завязваць на красоўках. На развітанне Магнат падарыў нам здзеклівае «Мрмяў».

      Пакет я разадрала проста на ганку, пад стрэшкай перад непрыветным пад’ездам (я так і не змагла ўявіць, што Корвус сюды заходзіў, падымаўся па вышчарбленых прыступках, вячэраў на цётчынай кухні).

      Канверт… Почырк Віталя… Там перадсмяротная цыдулка?

      Мацей рашуча забраў спадчыну з маіх рук, што трэсліся, як у алкаголіка са стажам. У канверце аказаўся ключ – пляскаты, з дзіркай, падобнай да выскаленай усмешкі, з бліскучымі зубчыкамі. І папера. Якая ва ўсёй юрыдычнай красе сведчыла, што ласкай Корвуса мне ўжо сем год як належыць дом у маленькім гарадку Старавежск. Вуліца Энгельса, 24.

      Каб жа я хоць раз чула ад зніклага мужа пра той Старавежск! І пра тое, што ў яго ёсць там маёмасць!

      Паштоўка, якую аздабляла гравюра пачатку дзевятнаццатага стагоддзя з краявідамі нейкага павятовага мястэчка, мусіць, таго Старавежска, трохі з’ясавала сітуацыю.

      «Дарагая Вірынейка, прабач, што з’ехаў адразу пасля вяселля. Але хачу ўсё кампенсаваць. Мядовы месяц у нас будзе самым рамантычным. У мяне ёсць для цябе сюрпрыз. Нядаўна я атрымаў спадчыну ад далёкага сваяка – сапраўдны старасвецкі дом, такі, ведаеш, з кафлянай печчу, рыпучымі драўлянымі сходамі, пазелянелым чарапічным дахам і, магчыма, з прывідамі. Я хачу, каб ты прыняла яго ў падарунак. Няхай гэта будзе маім пасагам і месцам, дзе мы пражывём самыя цудоўныя дні!

Скачать книгу