Пантофля Мнемазіны. Людміла Рублеўская
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Пантофля Мнемазіны - Людміла Рублеўская страница 6
Рэм падпёр нагой у брудным боце галаву Люцыяна. Непрыемна глядзець, як ківаецца з боку ў бок на дошках кузава, калі грузавік падскоквае на выбоінах і карэннях. Каб была тут Малгося, прысела б з непрытомным чалавекам побач, паклала галаву яго сабе на калені, абцерла запечаную кроў… Але Рэм абедзвюма рукамі ўчапіўся ў борт кузава, каб не вылецець на дарогу – Малгося была ў кабіне і гнала машыну, як авадзень ашалелае жарабя. Нічога, не да сантыментаў. На фронце ды ў партызанцы звыклі да бруду і крыві. Урэшце, усё, што сёння можна было ўтварыць з абліччам спадара Люцыяна Корвуса, зроблена, страшней не стане. Пазнаць іхняга былога настаўніка біялогіі можна цяпер хіба па шнары на шчацэ, які нагадвае абрысам птушку ў палёце. Калісьці яны, дзевяцікласнікі Старавежскай сярэдняй школы, гадалі, адкуль у іх новага выкладчыка, маладога, але з пасівелымі скронямі, загадкава-змрочнага, гэткае ўпрыгожванне, тады яшчэ барвовага колеру. Жэнька Равіновіч, ужо тады закаханая ў старшыню школьнай камсамольскай ячэйкі Рыгора Самуся, высунула зусім дэкадэнцкую версію. Шнар – першая літара імя нешчаслівага кахання таварыша Люцыяна Станіслававіча. Той у адчаі сам выразаў на сабе літару «Л», каб вечна помніць здрадлівую альбо памерлую Лену, Лілю, Лізавету.
Ну яны і пасмяяліся з дурных фантазій дзеўкі. Начыталася буржуазных раманаў! Дзед Жэнькі быў калісьці выкладчыкам настаўніцкай семінарыі, і ад яго ў доме засталася дыхтоўная бібліятэка. Асабліва шмат кніг з серыі для юнацтва. Майн Рыд, Фенімор Купер, Жуль Верн, Вальтэр Скот, Аляксандр Дзюма… Усе з іхняй кампаніі час ад часу выпрошвалі ў аднакласніцы томікі ў скураных пацёртых вокладках, з яцямі і непралетарскай рамантыкай. Ясна, што Жэнька, сінявокая, таненькая, пышнавалосая, была самай начытанай, хаця яе версія пра выразаную на шчацэ літару не прыжылася. Але спытаць пра паходжанне прыкметы ў настаўніка не наважыліся. Так, з Люцыянам Корвусам было цікава. І на ўроках, дзе расказвалася пра незвычайныя эксперыменты з прыроды і чалавека, кшталту як змусіць мозг працаваць на сто адсоткаў з дапамогай электрамагнітных імпульсаў. І па-за ўрокамі. Створаны Корвусам археалагічна-біялагічны гурток – самы яркі ўспамін даваеннага жыцця. Напачатку вывучалі ўсялякіх там скамянелых трылабітаў. Нацягалі ў маленькі кабінет, прапахлы фармалінам, шэрых каменьчыкаў з паверхнямі рабрыстымі, хвалістымі, у маленькіх дзірках, як застылая пена. Потым з’явіліся іржавыя наканечнікі дзідаў, вышчарбленыя медныя манеты, аскепкі старажытнага посуду, знойдзеныя вучнямі на бацькоўскіх гародах. Настаўнік спісаўся са знаёмцам з Акадэміі навук, адтуль прыслалі інструктара, і школьны гурток атрымаў дазвол на раскопкі. Вучыліся размерваць участкі, прасейваць культурны слой, класіфікаваць экспанаты. Мінулае прыадчыняла браму, за якой біліся з панскімі войскамі адчайныя паўстанцы, скрыжоўвалі мячы з тэўтонцамі крывіцкія рыцары, свісталі татарскія стрэлы і грымелі французскія гарматы…
Так, вакол маладога біёлага гуртаваліся, яго слухалі. Але было ў спадары Люцыяне штось адчуджанае.