Час Вогненнага Птушкалова. Кацярына Захарэвіч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Час Вогненнага Птушкалова - Кацярына Захарэвіч страница 5
У гэтую неўтаймаваную моц пад цёмным люстэркам Бася збіралася зрабіць крок. Не ўмеючы ні веславаць, ні плаваць.
Човен не хіснуўся, калі Бася (даволі няўклюдна) села ў яго. Не паплыў, не панёс туды, куды ёй трэба, як абяцала Вікця. Не адбылося нічога. Унутры пуста – веславаць няма чым. Праседзеўшы так колькі хвіляў, адчуўшы сябе дурной і бездапаможнай, Бася вырашыла грэбці рукамі, каб адстаць ад берага і хоць натрапіць на плынь. Вада выглядала лагоднай і мяккай. Можа, маняць пра яе бурны нораў?
Цяжкім халодным покрывам легла на спіну першая хваля. Другая, збоку, накрыла з галавой, заліла вуха і нос. Мокрыя валасы закрылі вочы. Велізарныя далоні ракі адна за адной білі з усіх бакоў, ногі занямелі ў вадзе, што напаўняла човен. Невядома, дзе рака, а дзе неба, у чоўне яна ляжыць ці на дне. «Лёс, хутчэй бы патануць і скончыць усё». Плыні круцілі, пераварочвалі з ног на галаву і назад. Човен, разбіты на мноства шчэпак, віраваў навокал. Калі вада перастала апякаць холадам, Бася зразумела, што тоне.
Халодны вецер ператварыў кожную кроплю на целе ў крышталік лёду. Хацелася ўстаць, але крышталікі сабраліся ў ільдзяную кальчугу. Некалькі разоў Басі здавалася, што яна паднімаецца, збівае з сябе рэшткі звёнаў, рушыць ў лес і знаходзіць сцежку. Пробліскі свядомасці падказвалі, што яна ляжыць на халодным. Зрэшты, Бася не змагла б дакладна сказаць, дзе было прасвятленне, а дзе – забыццё. Толькі аднойчы яна выразна пачула голас: «Гэта яна. Забірайце» – і чыесьці рукі нязручна, балюча падхапілі яе пад пахі і пад калені. «Нясуць бы мех з сенам», – падумала Бася, але змаўчала і зноў страціла прытомнасць.
Штосьці навязліва цёплае ахутвала цела. Другім слоем лягла паніка. Бася ўскінулася, спрабуючы вызваліцца, стукнулася ілбом у нешта цвёрдае.
– Ай! – пачула яна па-птушынаму звонкае і адплюшчыла вочы. На краі яе ложка сядзела дзяўчына. Сонечнае святло праз акно з-за спіны незнаёмкі не дазваляла разглядзець твар, толькі падпраменьвала дзіўным ззяннем густыя светлыя валасы, заплеценыя ў касу. На макаўцы тырчалі некалькі непаслухмяных валасінак. Блакітнага колеру кашуля з шырокімі рукавамі здавалася ўбранствам незямной істоты. Напэўна, так выглядала б у ясны дзень Нябёсная Птушка, што прыносіць на зямлю намаляваныя Лёсам жыцці, калі б уздумалася ёй ператварыцца ў чалавека. Яна зліваецца з небам, каб людзі не заўважылі і не пажадалі раней часу даведацца, што ім наканавана.