План Бабарозы. Павал Касцюкевіч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу План Бабарозы - Павал Касцюкевіч страница 11
– Беларуская мова, Ігарочак? Размаўляць на ёй і дома, і на вуліцы?! Гэтыя яйцакруты дазволілі гэта, каб усе вашы высілкі ішлі на размаўлянне і супраціўленне варожаму наваколлю. А каб на ўсё астатняе: рабленне рэвалюцый і нашчадкаў… Ну, ты ж сам усё разумееш…
Бабулі і дзяды мелі гонар належаць да ордэна Тых, Хто Самі Ўсё Разумеюць. Абранай касты, таямнічай ложы. Актыўнасць у сяброў гэтага ордэна вельмі вялікая, але іхняя ўжытковая дзейнасць палягае ў дужа спецыфічнай плоскасці. У дзевяноста адсотках таемныя веды і навыкі дапамагаюць сябрам ордэна адно дакладна адчуць той самы інтымны момант, калі трэба завязаць на вузельчык свой язык. Або злавіць няўлоўнае, як павуцінка, імгненне, калі належыць спрытна даць драпака ці праўдападобна прыкінуцца мёртвым.
Напрыклад, сваёй прыналежнасці да ордэна Дзядзюля і ягоная мама Бабадора абавязаныя выратаваннем падчас вайны. Як высвятляецца, напачатку акупацыі толькі такія, як яны – абазнаныя сябры ордэна, па нейкіх сваіх нябачных каналах, праз сваіх адданых агентаў, чыя сетка раскіданая па ўсім свеце, – атрымалі інфармацыю, што немцы робяць з габрэямі ў Польшчы. І таму ўжо дваццаць трэцяга чэрвеня 1941 года, калі з горада ўцякалі ў асноўным савецкія работнікі і іх жонкі, Бабадора не стала з абыватальскай цікаўнасцю чакаць, што будзе далей. З драўляным чамаданам, хворым мужам і сямнаццацігадовым Дзядзюлем за руку, Бабадора пешкі прыпусціла па Магілёўскай шашы на ўсход. Пакуль уся астатняя радня разам з любімым кузэнам Дзядзюлі Дзядборухам няўцямна глядзела ім наўздагон: “З роднага Менска? Куды? Нашто? Падладзіліся пад бальшавікоў, схаўрусуем і з немцамі”. Радня яўна чагосьці не разумела. Дзядборух разам з іншымі застаўся ў горадзе і ўжо ніколі не стаў сапраўдным дзедам.
Бабадора з Дзядзюлем дапялі да Казані. Па дарозе было ўсяго, але адбылося і страшнае. Дзедзэлік моцна захварэў на гішпанку, і каб не быць цяжарам для сям’і, якая ўцякае, павесіўся ў дрывотні прыдарожнага смаленскага сяла.
Але вернемся да Ордэна Тых, Хто Самі Ўсё Разумеюць. Мудрая непрыкметнасць і непрыкметная мудрасць – гэта ордэнская рэлігія. “Ісці супраць вады, Юлій Зэлікавіч? Занясе ў вір!” “Тузацца і цярэбіцца, Барыс Валер’евіч? Сэнсу няма, бо вас асабіста тады… а вашу сям’ю… і… ну… вы самі ўсё разумееце…”
Дзядзюля радаваўся, што яго прозвішча Шапіра, Бабаманя – што Іванова, а Дзедбарыс, бацька бацькі, чуючы сваё прозвішча Качуня, якое яму дасталася ад зніклых у лагерах бацькоў, яшчэ шчыльней заплюшчваў вочы, і ягоная дурнавата-мройлівая ўсмешка пры гэтым шырэла.
Радаваліся яны незаўважнасці і някідкасці. Носьбітам такіх прозвішчаў за нашым часам вельмі лёгка ўхіляцца ад падатковых службаў.
Чальцы Ордэна