Праклён Міндоўга. Максім Кутузаў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Праклён Міндоўга - Максім Кутузаў страница 2
Нарбут:
Вялікі князь, колькі мы будзем трываць гэтага агіднага, нахабнага місіянера? Ён зусім не паважае нашых багоў і нават не хавае гэтага, не баіцца ні нашай лютасці, ні лютасці нашых багоў! Трэба гнаць яго безадкладна прэч, як мага далей ад нашага княства, ад нашага народа!
Віцень:
Паважаны спадар Нарбут, вы не горш за мяне ведаеце, што так неабходна. Няўжо вы забыліся, што, калі я дамаўляўся наконт саюзу з Рыгай, я абяцаў, што прыму хрысціянства?
Нарбут:
Вядома, памятаю. Нават калі б я і хацеў не памятаць, усё роўна складана забыцца на такое.
Віцень:
Але ж мы ўсе добра ведаем, што я ні ў якім выпадку не збіраюся так рабіць. Аднак калі я яшчэ і праганю хрысціянскага місіянера, тады дакладна непрыемных наступстваў нам усім не пазбегнуць.
Нарбут:
Усё роўна! Нават казаць такое – вялікая непавага да нашых багоў! Вялікая абраза! Хай літасцівыя Багі нам гэта даруюць!
Віцень:
Гэта было неабходна, каб дасягнуць таго, што было нам патрэбна.
Богуш:
Так, вялікі князь, саюз з Рыгай – гэта вельмі мудры і дальнабачны крок, які моцна паспрыяў хуткаму і паспяховаму развіццю гандлю ў нашым княстве.
Румбольд:
А перамогай пад Коркгаўзам нашы продкі будуць ганарыцца яшчэ шмат гадоў!
У гэты момант у залу ўваходзіць вартаўнік. Спрэчка заціхае.
Вартаўнік:
Вялікі князь, Вас жадае бачыць нейкі юнак. Ён кажа, што ў яго да Вас ёсць важная і неадкладная размова.
Віцень:
І што ж гэта за юнак такі? Як яго імя?
Вартаўнік:
Ён прадставіўся як Давыд, сын Даўмонта.
Некалькі імгненняў пануе поўная цішыня.
Віцень (праз паўзу):
Што ж, у такім выпадку хай Давыд, сын Даўмонта, уваходзіць.
Румбольд (шэптам, звяртаючыся да Богуша):
Няўжо гэта папраўдзе ён? Сын здрадніка? І як у яго толькі смеласці хапіла з’явіцца ў Вялікім Княстве пасля таго, што нарабіў ягоны шалёны бацька? Ды не толькі з’явіцца ў княстве, але яшчэ і прыйсці да нашага князя? Калі гэта сапраўды ён, тады яго неабходна неадкладна схапіць і пакараць смерцю.
Вартаўнік сыходзіць і вяртаецца з юнаком, які ўпэўненым крокам набліжаецца да вялікага князя і становіцца перад ім на калена.
Віцень:
Можаш устаць, Давыд, сын Даўмонта.
Юнак уздымаецца.
Віцень:
Што прывяло цябе на радзіму тваіх продкаў? Наколькі я ведаю, пасля