Плошча Перамогі. Ольгерд Бахаревич
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Плошча Перамогі - Ольгерд Бахаревич страница 5
«Як гэта?» – усьміхнуўся ён. І ўмольна паглядзеў ёй у вочы: сюды, сюды. Ідзі ж да мяне, дай мне знак. Але знаку не было.
«Нельга! Паверце мне!»
«Як гэта? – паўтарыў ён. – Вераніка, вы забыліся. Я каралеўскі вястун. А яшчэ ў мяне ў горадзе хворая маці. Я пакінуў хворую маці. І брата зь сястрой! Бо кожны, хто мае годнасьць і веру, мусіў адгукнуцца на загад караля. І я вельмі хачу спадзявацца, што маці яшчэ жывая. І пабачыць жывога сына. Я мушу быць у горадзе як мага хутчэй. Такі загад. І такі мой доўг салдата і вернага слугі Яго Вялікасьці!»
«Пакуль кароль з войскам быў у паходзе, – загаварыла яна таропка, – у сталіцы быў абвешчаны новы закон…»
«Кім? – спытаў ён. – Хто можа абвяшчаць законы, апрача караля?»
«Тымі, хто застаўся ў палацы, – сказала яна, амаль задыхаючыся. – Пакуль караля не было, усё перамянілася. У сталіцы вырашылі, што кароль забыўся пра старыя традыцыі! Што яго занадта доўга няма, што ён даўно памёр! І што самы час адрадзіць стары закон!»
«Што за лухта? – сказаў Лёкса Шпуль. – Адкуль вам гэта ведаць? Тут? У лесе?»
«Закон быў абвешчаны герольдамі, – яна паглядзела яму проста ў вочы, не міргаючы. – Яны пабывалі паўсюль, на кожнай дарозе! А закон такі. Калі вястун прынясе добрую вестку, вестку аб перамозе – яго раскошна ўзнагародзяць. А калі вестка будзе благая… Калі гэта будзе вестка пра разгром каралеўскага войска – вестуна загадана…»
Яна працягнула руку і сьціснула Лёксава запясьце.
«Што загадана? Што?» – ён вырваўся і адышоў на крок, узіраючыся ў яе вочы. Ці ня хлусіць яна. Дзяўчына, дачка палясоўшчыка, адкуль ёй ведаць, што яна разумее…. Ды ці не жартуе яна? Дзеўкі ў такім узросьце…
«…павесіць», – сказала яна і зноў аблізнула вусны. Тое, як яна рабіла гэта, прымушала яго скаланацца.
«Як гэта павесяць? За што?»
«За дрэнныя навіны… – прашаптала яна з шырока расплюшчанымі вачыма. – За дрэнныя весткі…»
«Гэта я чуў! – сказаў ён. – Чуў! Але пры чым тут вястун?»
«А пры чым тут мы? – сказала яна з крыўдай, бо ён больш не глядзеў на яе. – Тым, хто папярэдзіць вестуна, таксама прапісаная кара! Тых, хто папярэдзіць вестуна, загадана павесіць разам зь ім! Разумееш, Лёкса?»
«А ты ня хлусіш? А? – затанцаваў ён раптам вакол яе, нібы звар’яцеўшы, бо нейкі бог лугу прымушаў яго рабіць гэта, падскокваць, махаць рукамі, скінуць з пляча стрэльбу, шчэрыць зубы і круціць вачыма, як бажаволак. – Ня хлусіш? Ня маніш? Не жартуеш са мной? А? Ты, дзеўка? Дачка палясоўшчыка? Можа, табе гэта прысьнілася? Можа, ты дурыш мне галаву? Можа, ты проста хочаш, каб я ўкусіў цябе? Каб аблізаў табе вусны? Вераніка! Хто даў табе імя? Д’ябал? Ну ня бацька ж табе яго даў?»
«Бацька! – закрычала яна, таксама пачаўшы свой танец. Танец вакол яго, каралеўскага вестуна. – Бацька мне даў яго! А хто мой бацька, мой сапраўдны бацька, я й сама ня ведаю! Мо і д’ябал! Мо і д’ябал! А тых, хто раскажа вестуну, што яго чакае, павесяць