Плошча Перамогі. Ольгерд Бахаревич
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Плошча Перамогі - Ольгерд Бахаревич страница 8
«Ды яшчэ які жывы, – крыва пасьміхнуўся Лёкса. – Ні драпіны. Герой! Сам кароль яго адзначыў. Хоць і драчыла ты, сказаў, а біўся як леў. Я на свае вочы бачыў, як Ганс трох басурманаў паклаў. Адным махам. Шмальнуў у аднаго – ды другога шабляй, а трэцяга проста нагой у лоб. Той і сканаў на месцы. Так што і завуць твайго сябрука цяпер не Драчыла, а Ганс-забойца. Вернецца, пачастуе цябе віном. Такім, што табе і ня сьнілася. Будзеце піць з басурманскіх чарапоў за здароўе караля! І за маё вып’еце!»
«Вось жа, – прамармытаў Драхман. – Хто б мог падумаць. Ніколі нічога такога ў ім не заўважаў. Віно… Чарапы… Ах… Значыць, жывы…»
Вочы Драхмана напоўніліся сьлязьмі, і ён адвярнуўся, каб ніхто не заўважыў такой слабасьці. Але вястун са сваёй дзеўкай ужо ішлі наперад па Паўднёвабрамскай вуліцы. Ён наперадзе, цяжка і рашуча ступаючы па нагрэтым сонцам бруку, прытрымліваючы стрэльбу на плячы, гледзячы проста перад сабой, не зьвяртаючы ўвагі на мінакоў, якія азіраліся ім усьлед, на заклапочаныя твары, якія мільгалі ў вокнах, на дзяцей, якія забягалі перад ім, спрабуючы злавіць позірк вестуна. А дзяўчына ззаду, зьняўшы свае драўляныя чаравікі, ступаючы па яго сьлядах, баязьліва абводзіла вачыма мураваныя дамы, стараючыся трымацца ў доўгім цені ягонай постаці.
«Вястун», – раптам сказаў нехта паўшэптам. Але варта было прагучаць гэтаму слову, як яно апанавала ўсе навакольныя вуліцы, нібы над горадам разьбілі бутэльку з каляровага шкла, і цяпер шкельцы ўспыхвалі то сям, то там. Вястун! Вястун… Вястун ад караля! Вястун адтуль, дзе нашых сыноў сустрэлі шалёныя басурманы! Нясе вестку! Вястун! Са стрэльбай на плячы, босы, зь дзяўчынай за сьпінай, з навінамі пра тое, што ўжо здарылася і што здарыцца з намі заўтра! З намі, жывымі. Шчасьлівымі.
«Скажы…» – прычапіўся да вестуна нехта стары, сьляпы, паўголы, прычапіўся, як дзядоўнік, і не адставаў. Ішоў за імі па вуліцы і енчыў: «Якую вестку нясеш? Вястун! Мы іх – ці яны нас?»
«Вястун! – асьмялела нейкая кабета. – А ці ня ведаў ты такога Піжмака?»
«А Рагульку?»
«А Веню-завіхрэню? Ці жывы?»
«Вястун! Ці перамаглі мы?»
Ён не азіраўся. Ён зь нянавісьцю глядзеў перад сабой. Усе яны ведалі новыя законы – і ніхто не зьбіраўся яго папярэдзіць. Усе яны думалі адно пра сябе, усім ім было пляваць, што зь ім станецца. Ён быў весткай, а не чалавекам. Нікога зь іх не абурала тое, што ён, па-геройску дабраўшыся да сталіцы з важным данясеньнем, мусіў боўтацца за гэта на вяроўцы. Яны думалі толькі пра сябе і сваіх блізкіх. А хто быў ён? Толькі адказ. Чалавек-адказ. Чалавек-ліст. Ягонае жыцьцё вісела на валаску паміж «мы іх» і «яны нас».
Ад Паўднёвабрамскай вуліцы адыходзіла іншая. Вуліца Пекараў. Павярнуўшы на яе, ён апынуўся б на Старым Раўчуку, а там і да дому якіх пару крокаў ступіць. Але нельга. Лёкса Шпуль нават не паглядзеў у бок вуліцы Пекараў. Ён пайшоў наперад, як і належала вестуну.
«Я нікому не скажу! – кінуўся яму наперарэз нейкі маладзён у капелюшы зь пяром, падобны да студэнта. – Мы іх? Ці