Жонка на гадзiну. Андрэй Сідарэйка
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Жонка на гадзiну - Андрэй Сідарэйка страница 2
– А яны? – акругліў вочы Саўка.
– Што яны? І слухаць не хочуць. Кажуць, будзем там у іх важнымі персонамі. Ну, як аграном наш, не менш. Розных зямлян бачылі, але такіх, як мы, – упершыню.
– Ага, выдумляй, – усміхнуўся Рыгор. – І чым жа вы ім гэтак спадабаліся?
– Мы і самі не паверылі. Кажам, пайшлі з намі ў вёску, там такіх шмат. А яны: «Не. Нам патрэбны вы. Рэдкія экзэмпляры!» Маўляў, адказныя вельмі. Цэлы дзень на паплавок глядзелі, з месца не сыходзілі. Мы не разгубіліся: «А куды ж пойдзеш? Дома – агарод, дровы, а тут – прырода, раздолле…»
– А яны? – Саўку, відаць, вельмі захапіла гісторыя Адася.
– Не вераць нам. Прасілі іх, прасілі – ніяк. Думалі, давядзецца ляцець. Але тут заўважылі невялікі выхад ды як далі драпака! Адкуль толькі хапіла духу? Выбеглі з лесу – і ўсё. Як адрэзала. Што далей было, не памятаем.
– Як гэта? – здзівіўся Патап.
– А так. Апрытомнелі толькі наступнай раніцай каля рачулкі. Туды жонкі нашы прыйшлі, разбудзілі.
– Ха-ха-ха, – засмяўся Рыгор. – Дык гэта вам усё прыснілася!
– Хіба дваім магло прысніцца? – не пагадзіўся Адась.
– Вось я гэты аповед слухаю не першы раз, а цікава, – зазначыў Саўка.
– Слухай, Адась, а чаму вы з Ігнатам усё ж пабаяліся ляцець з прышэльцамі?
– Што б я там рабіў? Ды без Марыліных дранікаў з салам і яешняй.
Адась усміхнуўся і паглядзеў на неба. На ім з’явіліся зоркі і месяц.
– А так, канечне, хадзілі б зараз з Ігнатам вунь там і назіралі за вамі звысоку. Але на Зямлі весялей.
– Вось заўтра ў Ігната запытаем, як было на самай справе, – пажартаваў Саўка.
– Калі ласка, – пагадзіўся Адась.
І так сябрам захацелася даведацца, ці існуюць зялёныя чалавечкі, што назаўтра яны ўсёй кампаніяй адправіліся на рыбалку. Ці сустрэлі іншапланецян – невядома. Вядома толькі, што добра бавілі час, бо наступнай раніцай на беразе іх пабудзілі жонкі…
Сiдарава каза, цi Як усё было на самай справе
Мяне завуць Сідар. Вы, напэўна, лічыце, што я жорсткі і сварлівы чалавек? Канечне ж, адлупцаваў казу. Але яна сама вінаватая ў гэтым, бо парушыла нашу дамову. А пачалося ўсё так…
Аднойчы жонка кажа мне:
– Давай, купі казу. Казінае малако надта карыснае, імунітэт умацоўвае.
Я з жонкаю спрачацца не прывык. Таму назаўтра пайшоў на кірмаш і купіў казу.
Завёў яе на луг, прывязаў да дрэва. Праз гадзіну прыходжу – няма казы. Прыгледзеўся, а яна ў суседскім агародзе буракі прарэджвае ды на маладую капусту налягае. Выгнаў адтуль, зноў да дрэва прывязаў і дадому падыбаў.
Але неўзабаве не вытрымаў і зноў пабег на луг. А каза ўжо іншаму суседу агарод «палоць» дапамагае.
Я папярэдзіў рагатую:
– Будзеш