Закон захавання кахання. Зінаіда Дудзюк
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Закон захавання кахання - Зінаіда Дудзюк страница 19
– Як там у вас у Сібіры?
– Прыемнага мала. Часам холадна, часам голадна. Не хочацца туды вяртацца. Сын даслужвае апошні год у войску, таксама турбота – трэба яго неяк тут уладкаваць. Што ён адзін без мяне будзе рабіць?
– Было ж там нешта добрае. Столькі песень Пахмутава напісала пра той край.
– Было. Аднойчы на цеплаходзе ехала па Енісеі, мне далі паруліць! Уражанняў хопіць на ўсё жыццё. Нездарма мужчыны так рвуцца да ўлады.
– Я некалі таксама хацела ехаць па камсамольскай пуцёўцы ў Сібір, ды маці не пусціла. У яе быў нейкі свой адмоўны досвед на гэты конт, – заўважыла Ада.
– Адна наша паэтэса склала такое чатырохрадкоўе:
Ах, ты, сука-романтика,
Краснаярская ГРЭС.
Я приехала с бантиком,
А уехала – без.
Такая ў нас рамантыка! Ад яе ажно верне.
– Так, Тонечка, вешаюць нам лапшу на вушы ідэолагі, а мы, наіўныя, верым. Мо зойдзем у Елісееўскі? У мяне нічога няма на вячэру.
– Пайшлі.
Жанчыны мінулі помнік Пушкіну і пашыбавалі ў гастраном. Ён стаяў насупраць, зусім побач і вельмі падабаўся Адзе. Размяшчаўся ў шыкоўным будынку з высачэннаю столлю, аздоблены ляпнінаю з пазалотаю. У прасторнай зале заўсёды мелася ў няўнасці і ў дастатку харчовых тавараў, у той час як у другарадных гастраномах найчасцей свяціліся пустыя халадзільнікі. Увайшлі ў сярэдзіну памяшкання, агледзеліся. Па каўбасу стаялі тры чаргі.
– Давай станем у розныя чэргі, мо якая хутчэй будзе рухацца, – прапанавала Ада.
– Нешта не хочацца ў чарзе марнавацца, мо якой рыбы купіць?
– Дык і па рыбу таксама чарга…
Жанчыны разышліся, сталі ў розныя чэргі. Ада назіраючы за знерваванымі ці пакорна маўклівымі людзьмі міжвольна пачала складаць верш:
Людзі ў чэргах… Маўклівасць і крык.
Па надзённае і да святыняў.
І сябе ад тугі не акрыць
У агорклай жыццёвай пустыні.
Сем дзясяткаў гадоў адстаіш, —
Хоць была гэта жытка няміла, —
Атрымаеш ці зорку, ці крыж
На грудзях, а хутчэй – на магіле…
Хуценька дастала натанік і запісала яго, нават не згледзелася, як хутка дайшла яе чарга. Паэзія паскарае час. Клікнула Тоню. Яны купілі сыравяленай каўбасы, каб магла паляжаць без лядоўні колькі дзён, узялі хлеба і малака ды накіраваліся ў інтэрнат, разважаючы пра тое, што пара дэфіцыту занадта зацягнулася, ажно на ўвесь савецкі перыяд. Ёсць надзея, што аднойчы ўсё гэта скончыцца, бо жыццё рухаецца па прынцыпу вады хвалямі.
– Тоня, а дзе твой муж? – спытала Ада.
– Чорт яго ведае, мо ў Ізраіль з’ехаў. Ён быў яўрэй. Усё, што я запомніла з сумеснага жыцця, гэта старых баб, якія ўвесь час нешта жавалі і чаўкалі ўстаўнымі сківіцамі. Як згадаю, дык і зараз на ваніты цягне. А як тваё