Закон захавання кахання. Зінаіда Дудзюк
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Закон захавання кахання - Зінаіда Дудзюк страница 20
Яна і сама заўважала, што хлопцы адурэлі ад волі – побач ні сям’і, ні родных, толькі вялізны горад са спакусамі. Напіваліся так моцна, што іншы раз покатам ляжалі на калідоры. Некаторыя, мусіць, мелі ўжо вялікі стаж п’янства, таму справа дайшла да белай гарачкі. Грышу Веправа было асабліва шкада, вельмі прыгожы і таленавіты хлопец, але аказаўся слабы духам.
У пакоі было холадна. Ацяплення яшчэ не ўключалі. Аду, як і вахцёрку-армянку, таксама даймалі раннія маскоўскія халады, яна падумала, што трэба купіць нейкі абагравальнік ці хоць гумавую грэлку, каб класці ў пасцель пад ногі, і занялася прыгатаваннем вячэры. Вырашыла насмажыць трохі бульбы, калі-нікалі можна парушыць правілы харчавання, каб пазбыцца аднастайнасці. Гэтым яна і занялася. Калі бульба была гатовая, узяла патэльню і панесла ў пакой. Як толькі вытыркнулася ў калідор, убачыла, што на яе рухаецца працэсія на чале са святаром, які апускае вялізны венік у памыйнае вядро і пырскае калідор, за ім цягнуліся гурмою насельнікі сёмага паверха. Ада спынілася, каб не пераходзіць дарогу хрэснаму ходу. Мінаючы яе, святар шчодра пырснуў з веніка на смажаную бульбу. Ада зразумела, што есці бульбу, асвечаную з памыйнага вядра, не будзе, вярнулася і выкінула жаданую вячэру ў смеццеправод. «Не заслужыла я, мабыць, гэтую ежу», – падумала Ада і вярнулася ў пакой. Папіла гарбаты пад ціхі гоман радыёпрыёмніка, прыслухалася і са здзіўленнем пачула, што інтэрв’ю бралі ў прафесара, кандыдата мастацвазнаўства, пісьменніцы Молевай Ніны Міхайлаўны, той самай, у якую падчас вучобы быў закаханы Уладзімір Караткевіч. Слынны навуковец апавядала пра расійскіх мастакоў-авангардыстаў, аб’яднаных вакол студыі «Новая рэальнасць». Ада ўважліва ўслухоўвалася ў голас жанчыны і думала: «У рамане Караткевіча жанчына, якую пакутна кахае беларускі пісьменнік, памерла ад аперацыі на сэрцы. Закаханы герой павёз сваю каханую-нябожчыцу, каб пахаваць у Беларусі. Не мог пакінуць яе ў Маскве, хоць мёртвую забраў з сабою. Такая сумная гісторыя. Праўда мастацкага твора не супадала з фактамі жыцця. Прататып персанажа Молева жыве, працуе і нават перажыла аўтара. Мабыць, грэх – пісаць пра жывога чалавека, што ён памёр, за гэта аўтара можа чакаць кара і ранні зыход. Нельга праз літаратурны твор помсціць сваім непрыяцелям, жадаць ім зла, праклінаць. Сусветны закон справядлівасці бязлітасны да пісьменнікаў, таму што ім дадзена ўплываць на чалавечыя душы».
9
Група на чале з Наінай Андрыянаўнай раніцай выехала ў Ясную Паляну. Эма адмовілася ад экскурсіі, сказала, што шмат разоў была там з мужам. Ада сядзела адна ля акна і азірала наваколле, якое мільгала за вокнамі. У аўтобусе было шумна, асабліва ззаду, дзе рэй вёў Гоша Строма. Хлопцы гулялі ў карты, часта спрачаліся, нешта выкрыквалі незразумелае, казалі, што карыстаюцца «блатной феняй».
Краявіды былі вельмі падобныя на беларускія: лясы, палі, часам маляўнічыя ўзгоркі, як пад Мінскам. Здзіўляла толькі тое, што ў такую гарачую пару, у верасні, не было відно на палях ні тэхнікі, ні людзей. Няўжо тут не садзяць бульбу? Самая пара яе капаць.