Закон захавання кахання. Зінаіда Дудзюк
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Закон захавання кахання - Зінаіда Дудзюк страница 21
Экскурсавод вельмі будзённа правяла кароткую экскурсію, спынілася на асобных датах і падзеях з жыцця вялікага пісьменніка, пра якія прысутныя добра ведалі і самі са школьных ды ўніверсітэцкіх праграм. Нараджэнне, страта маці, вучоба ва ўніверсітэце, служба ў войску на Каўказе, удзел у Крымскай вайне, вандроўка па Еўропе пасля адстаўкі, жаніцьба, педагагічная дзейнасць, творчасць. Вось так, жыццё вялікага чалавека можна змясціць у некалькі энцыклапедычных радкоў, толькі ніхто не ведае, што ён адчуваў, як успрымаў жыццё, як рэагаваў на тыя ці іншыя падзеі. Пра гэта можна меркаваць толькі па творах і артыкулах. А рэакцыя ў Талстога на падзеі ў Расіі была заўсёды бурная, на жаль, адна асоба не можа павярнуць кола гісторыі ў пэўны бок без дапамогі войска, без хіжасці і хітрасці. На такія заганныя метады Талстой не быў здатны, ён заставаўся пісьменнікам, які назіраў і вывучаў жыццё, рабіў высновы з надзеяю, што яны спатрэбяцца грамадству. У канцы аповеду экскурсавод дазволіла задаць пытанні.
– Скажыце, калі ласка, чаму Леў Мікалаевіч, пражыўшы жыццё з Соф’яй Андрэеўнай, раптам ва ўсім расчараваўся і пайшоў з дамоўкі, – спытала Ада.
– Думаю, крызіс сталага ўзросту. Здарылася так, што пад канец жыцця ён разышоўся ў поглядах з жонкаю. Жылі яны побач, але паасобку. Гэта, мусіць, вельмі прыгнятала Льва Мікалаевіча. Не магу сказаць, што перажываў Талстой у той час, пра гэта лепш было б спытаць у яго. Зараз мы пойдзем на магілу, можа, там зразумееце нешта з таго, што пакуль застаецца для нас таямніцай.
Экскурсанты даўгавата ішлі па зялёнай, чамусьці некранутай восенню дарожцы сярод прысад, мо з-за таго, што тут было ўдосталь вільгаці, якою было перанасычана паветра. Нарэшце спыніліся на зялёнай палянцы з сакавітай травой, пасярод якой неяк наўскасяк, мабыць, зарыентаваеная на захад-усход ляжала магіла без ніякага помніка, даволі вялікая, зялёная ад травы. За ёю цягнуўся яр і вялікі стары лес. Такое ціхае месца выбраў сабе вялікі пісьменнік для вечнага спачыну, а для вечнай славы ён шмат працаваў на працягу ўсяго жыцця.
Хлопцы і дзяўчаты моўчкі стаялі вакол магілы. Наіна Андрыянаўна ўсклала загадзя падрыхтаваныя кветкі на тое месца, дзе маглі быць грудзі нябожчыка. Ніхто не спяшаў, хацелася стаяць тут як мага даўжэй, удыхаць гэтае паветра, каб панесці ўспаміны з сабою. Экскурсавод расказала пра чароўную «зялёную палачку», у якую не толькі ў маленстве, але і пасля, у сталым узросце, верыў Леў Мікалаевіч. Недзе яна тут закапаная на ўскрайку яра. Калі б яе ўдалося знайсці, усе людзі зажылі б шчасліва. Пакуль яе ніхто не знайшоў. Хаця Леў Мікалаевіч усё ж адкрыў