Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства. Алег Грушэцкі
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства - Алег Грушэцкі страница 10
– Я ўжо і сам не ведаю, ува што цяпер верыць, – разгублена адказаў Янка. – Не, я чытаў казку «Аліса ў краіне цудаў», глядзеў з захапленнем фільм «Дзясятае каралеўства». Але патрапіць у тую краіну самому… Такое ў галаве не ўкладаецца. Ушчыкніце мяне! Можа, я сплю?
– Ушчыкніце тады і мяне.
– Цікава, што гэта за месца?
– Ну, дзіўныя людзі! – пачулася ўгары.
Яны ўзнялі галовы, але там, апрача сарокі, нікога не было. Янка і Мілана здзіўлена пераглянуліся і зноў паднялі галовы.
– Вандруюць у нашым каралеўстве і нават не ведаюць, дзе яны, – данеслася ізноў.
– Сарока размаўляе? – уразілася Мілана.
– Вядома ж, размаўляе, – прамовіла сарока, нібыта была здзіўленая такім пытаннем. – А якія ж сарокі, на вашую думку, яшчэ бываюць? Хіба што нямыя, – працягвала размаўляць з імі балаболка, крыху пакрыўджаная іх заўвагай. – Во народ, во людзі! З якога, цікава, каралеўства, вы да нас завіталі, што гаманкіх сарок не бачылі? Фы, – чмыхнула незадаволена яна і, саскочыўшы з галіны, некуды паляцела.
– Во цуд, – толькі і прамовіла дзяўчынка.
– Мажліва, цыркавая, – выказаў здагадку ейны брат. – Хутчэй за ўсё з нейкага цырка. Муштраваная, – упэўнена выказаўся ён.
– Так, – пагадзілася сястра. – Не, мне трэба прысесці. Нешта ў мяне ад усяго гэтага галава закруцілася.
Яна запрыкмеціла непадалёк ад дуба вялікі камень, падышла да яго і памкнулася была прысесці. Але нечакана пачула перасцерагальнае сыканне.
– Асцярожна, змяя! – гукнуў Янка, пабачыўшы, як з-за каменя паднялася галава паўзуна, і кінуўся да сястры.
– Так, асцярожна, пані! Глядзіце, на што сядаеце, – даляцела з-за каменя.
Мілана стаяла, вылупіўшы вочы і не верачы ім. Ужо і змяя размаўляе з ёй! Янка таксама заўважыў гэта і замарудзіў свой рух, гледзячы на змяюку, нібы зачараваны.
– О, каралеўна! – змяніла змяя тон, выказваючы пашану да Міланы. – Прабачце, не адразу пабачыў, што вы каралеўская асоба. Шчыра перапрашаю.
Змяя размаўляла. Гэта быў пан Вуж, – звычайны вуж, на галаве якога жаўцелі плямкі, нібы намаляваныя вушкі.
Вочы Міланы зрабіліся вялікія-вялікія, і раптам усё некуды паплыло. Янка ледзьве паспеў падхапіць яе. Колькі дзяўчына была ў непрытомнасці, цяжка сказаць. Калі яна ачомалася, пабачыла твар брата.
– Урэшце! Дзякуй Богу, ты ачуняла! А то мы перахваляваліся.
Мілана сціпла ўсміхнулася і стомлена павярнула галаву, пасля падхапілася і прыціснулася да брата. Побач з ёй, крыху прыўзняўшыся ад зямлі, гайдаўся Вуж. Яго пыска і напалохала дзяўчыну. Ён незвычайна ўсміхаўся, амаль па-чалавечы.
– Не пужайся, – супакоіў яе Янка, – ён добры.
І Вуж пры гэтым, нібы пацвярджаючы, хітнуў галавой, не перастаючы дзіўна ўсміхацца. Здавалася, што ён разумее ўсё, што кажа Янка. Ці не цуд?
– Мне тут наш новы знаёмы апавёў… – пачаў гутарку хлопец.
– Які знаёмы? – перапыніла яго сястра, не зусім