Танцавальны марафон. Виктор Правдин
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Танцавальны марафон - Виктор Правдин страница 29
У грудзях шырылася, iрвалася вонкi даўно забытае пачуццё пяшчоты i любасцi. Саленаваты камяк падкацiў пад самае горла, было цяжка стрымлiвацца, каб не заплакаць.
Гэтая стомленая хваравiтая жанчына нiчым не нагадвала тую далёкую гарэзу Ванду, але Вiктара Пятровiча цягнула да яе нейкая непераадольная сiла, у душы зацеплiлася надзея, што нарэшце ў яго можа ўтварыцца сям’я, i будзе ўсё, як у людзей… Ад хвалявання нервова ўздрыгвалi кончыкi пальцаў, ён не ведаў, куды дзець рукi, адчуваў, што неадкладна павiнен нешта зрабiць. Толькi – што?..
«Мо прапанаваць шампанскага? – мiльганула ў думках. – За сустрэчу…»
Вiктар Пятровiч ужо набраў поўныя грудзi паветра, каб сказаць гэта, але Ванда Мiкалаеўна перапынiла. Яна нечакана расплюшчыла вочы, цяжка, пакутлiва паглядзела на Аляксандрава, прашаптала:
– Памятаеш, як добра ўсё пачыналася?
Вiктар Пятровiч не адказаў, цяжка праглынуў даўкi камяк, згодна кiўнуў.
– Я кахала цябе, – зноў заплюшчыла вочы Ванда Мiкалаеўна.
– Я таксама, – выдыхнуў Вiктар Пятровiч.
– Роўна месяц… І што ты знайшоў у той кiтаянцы?
– Адкуль ты яе ведаеш? – насцярожыўся Аляксандраў. Ён даўно ўзгадаў Мэй Лi – сваё першае заданне, трывожна зашчымiла сэрца. – Я не памятаю, каб вы сустракалiся.
– А я была тут, – Ванда Мiкалаеўна выпiла газiроўкi, абвяла позiркам пакой. – Бачу, нiчога не змянiлася, толькi партрэты кудысь падзелiся…
– Мама, табе нельга хвалявацца, – Трухан паспрабаваў змянiць тэму гаворкi, але мацi адмахнулася:
– Мне ўжо добра.
I сапраўды, лекi пачалi дзейнiчаць, мiльгаценне ў вачах знiкла, твар трошкi паружавеў, але зрабiўся нейкi скамянелы.
– Была я ў гэтай кватэры, была! – цвёрда заявiла Ванда Мiкалаеўна. – Ты не прыехаў, i прыйшлося мне, дурнiцы, клэпаць зноў у Маскву. Шукала бедненькага, гаротнага студэнцiка ў iнтэрнаце, а знайшла ў гэтай шыкоўнай, па тым часе, кватэры. Ды не аднаго, а з жонкай-кiтаянкай…
Нечакана Аляксандраву стала цяжка стаяць, нядобрае прадчуванне, быццам абцугамi, сцiснула скронi.
– Хто цябе сюды прыводзiў? – выцiснуў Вiктар Пятровiч i сеў у крэсла. Ён ужо ведаў, што скажа Ванда Мiкалаеўна.
– Тыя, для каго ты быў «дзяржаўным» чалавекам, – iранiчна ўсмiхнулася Ванда Мiкалаеўна i строга паглядзела на сына. – Вiктар, пакiнь нас адных.
Размова бацькоў нечакана зацiкавiла сына, ён умольна зiрнуў на мацi, але яна настойлiва i цвёрда паўтарыла:
– Пачакай на вулiцы.
Калi за сынам зачынiлiся дзверы, Ванда Мiкалаеўна больш не стрымлiвалася, выплеснула ўсё, што было на душы, усё, чым балела сэрца.
– Мяне прывяло сюды тваё начальства, а калi дакладней, спярша тваё, а потым i маё…
– Што? – ускрыкнуў Аляксандраў. – Ты працавала ў КДБ?
– Палкоўнiк