Танцавальны марафон. Виктор Правдин
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Танцавальны марафон - Виктор Правдин страница 8
– Мне трэба задаць Вам некалькi пытанняў, будзем гаварыць тут цi…
– Заходзьце, – спахапiўся Шапавалаў i не тое што саступiў месца, а неяк адсунуў сябе ад уваходу.
«Ну i шафа!» – трошкi з зайздрасцю падумаў пра здаравяка Хмара i з цёмнага калiдорчыка адразу ўвайшоў у пакой. Ад нечаканасцi лейтэнант аслупянеў, ён чакаў убачыць што заўгодна, толькi не вялiзную, ад сцяны да сцяны, штангу, якая манументальна высiлася на двух матрацах. Праваруч, каля дальняй сцяны, стаяў незасланы ложак, каля яго пузацiлiся чатыры блiскучыя чорныя гiры. Больш у пакоi нiчога не было, калi не лiчыць цюлевых занавесак на вокнах i каляровай на ўсю сцяну рэпрадукцыі, прыклеенай скотчам да шпалер, на якой, напяўшы мускулы, застыў лысы волат з тупым выразам на твары.
– Гасцей не чакаў, – прыкрываючы коўдрай ложак, незадаволена буркнуў Шапавалаў i адразу спахапiўся, вiнаватая ўсмешка скрывiла твар. – Мацi хацела пусцiць кватарантаў, а мне патрэбна спортзала… Дом старой пабудовы, столь высокая – тое што трэба.
Хударлявы Хмара з ўсiх вiдаў спорту па-сапраўднаму любiў толькi шахматы, таму захапленне «спортзалай» успрыняў скептычна.
– Не хацеў бы я жыць нiжэй паверхам, – лейтэнант шматзначна некалькi разоў стукнуў нагой па падлозе i адразу перайшоў да справы: – А хачу спытаць толькi аб адным: чаму Ваш бацька пайшоў на танцы, ён жа быў хворы?
– Ведаеце, а пра суседзяў я i не падумаў, – як i не чуў Хмару Шапавалаў. – Лiчыце, што ў мяне могуць быць праблемы?
– Праблемы будуць, калi з вышынi росту гэтая жалязяка грукнецца на падлогу.
– Я думаю пра iншае, – кульнуўся з нагi на нагу Шапавалаў i пачасаў патылiцу. – Я сто дзесяць кiлаграмаў ды штанга дзвесце… Падлога не правалiцца?
– Слухай, Сяргей, – перайшоў на ты Хмара, – тваё жалеза яшчэ прынясе непрыемнасцi, а калi не будзеш адказваць на мае пытаннi, гарантую непрыемнасцi ўжо сёння…
Пагроза падзейнiчала. Шапавалаў iмгненна падабраўся, цяпер шэрыя вочы глядзелi на лейтэнанта перасцярожлiва i аддана.
«Нешта з гэтым цельпуком не тое, – нечакана падумаў Хмара, – затарможаны i на жалезе сваiм памешаны да ненармальнасцi».
– Не звяртайце ўвагi, – аблiзнуў сухiя, патрэсканыя вусны Шапавалаў, – проста ў мяне хутка спаборнiцтвы, а спортзалу на рамонт зачынiлi. Нешта арэндаваць грошай няма, вось i прыходзiцца круцiцца.
«Ну, хоць нешта нармальнае пачуў», – падумаў Хмара, а ўголас па-начальнiцку строга спытаў:
– Хачу зразумець: чаму бацька пайшоў у клуб «Каму за трыццаць»? Не маленькi ж, у ягоныя гады гэта iнакш як глупствам не назавеш.
– Яго папрасiлi прыйсцi.
– Хто? – насцярожыўся Хмара i адразу ўзгадаў Мiкулiча: што, калi падпалкоўнiк правы?! Раптам i сапраўды смерць Шапавалава не такая ўжо i недарэчнасць? Але ж на падставе фактаў нiякiя версii, акрамя няшчаснага выпадку, не паддаюцца логiцы. А