Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх. Антось Уласенка
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх - Антось Уласенка страница 2
![Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх - Антось Уласенка Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх - Антось Уласенка](/cover_pre1150322.jpg)
У пекле быў Гомель.
Спачатку ён не даваў веры відавочнаму, але неўзабаве сумневаў не засталося.
Першым пабачыў дарожны паказальнік. Абшарпаны сіні простакутнік пасярод пякельнае пусткі. Фарба лупілася буйнымі асушкамі, як пабруднелая скура на лбе й носе Ўсьцюжаніна. Налева – Чарнігаў, наўпрост – Гомель, 20 км. Потым, празь якую пару-тройку гадзінаў, наперадзе зьявілася места. Руіны, якія Ўсьцюжанін не пазнаў альбо пазнаваць не захацеў. Яшчэ праз гадзіну – мост цераз Сож. Тады ўсё стала зразумела. Дарма што замест вады ў рэчышчы Сажу цякла лява.
У тым, што ён у пекле, Усьцюжанін не сумняваўся.
Ён апрытомнеў на беразе лядзянага возера – голы, падубелы, няпомны. І зьмеркаваў, што апынуўся ў апраметнай, няйначай. Усё навокал было скутае марозам і пазасыпанае сьнегам. Неба падавалася няісным. Халадэча стаяла такая, што скура трэскалася і адвальвалася шматамі.
Ён падняўся й пайшоў куды вочы павядуць.
Жаданьняў не засталося.
Неўзабаве налучыў на раку й далей пільнаваўся берагу. Кірунак ня горшы за любы іншы. Ужо пазьней згадаў генштабаўскую кілямэтроўку й сьцяміў, што гэта мусіла быць Іпуць, якая цякла ў бок Гомлю.
Завіруха ўзьнялася раптоўна. Вятрыска дзьмуў так, што не пераставіць ногі, калючая белая сьцяна сьляпіла й задушвала.
Законы прыроды тут сілы ня мелі. Вецер мацнеў, сьнег заляпляў нос ды вочы, тэмпэратура падала, пужаючы нават яго, бітага сыбірскага гусака. Ступняў ён не адчуваў і дзівіўся, як дагэтуль перасоўвае іх па зацьвярдзелым шарпаку. Ад холаду скура па ўсім целе карэла й пакрывалася пухірамі, якія бесьперастанку набракалі і йрваліся крывёю й гноем.
Боль наганяў не адразу.
Усьцюжанін падымаў рукі да твару, глядзеў, што ад іх засталося, жахаўся – і толькі потым адчуваў фізычныя пакуты. У нейкі момант пачуў прыглушанае храбусьценьне й сьцяміў: вантробы так зьледзянелі, што трушчацца на аскепкі. І тыя аскепкі – вострыя, незьлічоныя – уторкваліся знутры яму ў чэрава й выходзілі вонкі.
Не, ён не памёр. Ня той раз.
Колькі цягнулася агонія, сказаць было цяжка. Можа некалькі гадзінаў, а можа некалькі гадоў.
Ён не хацеў успамінаць.
Праз пэўны час завіруха суцішылася, сьнег навокал растаў. Боль зь нясьцерпнага ператварыўся ў тупы, ныючы, падспудны. Ці ня з кожным крокам рабілася ўсё гарачэй.
Цёплае паветра прынесла пахі: скіслага супу, абпаленых сінтэпонавых цацак, прытхлых сутарэньняў, ляжалае гародніны, спарахнелае мэблі, вэнознае крыві. Кіславаты смурод стрэлаў з РПГ-32. Пахі наваліліся разам, і ён ледзь не званітаваў.
Вакол зь ніадкуль зьявіліся стромыя скалы. Запраўдны каменны лес у моры пяску. Калі ўжо добра паглыбіўся ў лябірынт цясьнінаў, скалы з скрыгатам пачалі насоўвацца адна на адну. Павольна, але несупынна. Ён завярнуўся й пабег штосілы.
Але