Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх. Антось Уласенка
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх - Антось Уласенка страница 3
Вось яна бачыць свой чароўны замак, а вось замест Гом’я перад ёю шэры бяздушны Гомель – бэтон, асфальт ды йржавы мэтал. Самая яна стаіць на брылі будынку гомельскага райвыканкаму й вывешвае трыкалёр над галоўным уваходам.
Банцэвічанка не кіравала ўласнымі дзеяньнямі; быццам папросту назірала здаля. Вось уваччу зноўку паплыло, і карціны сумясьціліся – паўсюль яна бачыла адно трупы й руіны.
Раўніна ўяўляла сабою бясконцую мядзяную роўнядзь. Усьцюжанін ступіў на яе й заекатаў – медзь была распаленая ледзь не да вадкага стану. Уваччу памутнела. Ступні дыміліся і асмальваліся, але ён не спыняўся.
Далей, далей – прэч з гэтага замарачнага сну.
Да краю мядзянае раўніны – а той усё ж існаваў – дабраўся на карачках, зьнявечаны й спанявераны. Тут пачыналася шэрая зямля, парослая кустоўем. Ён упаў на сьпіну і аддыхаўся. Колькі разоў цыркануў крывёй. Паветра ўсё гарачэла. Відаць, патроху набліжаўся да цэнтру апраметнай.
Калі апёкі на целе дзіўным чынам загаіліся, падняўся й рушыў праз кусты. Лісьце на іх было вострае як лёзы, і ймкнулася ўчапіць яго як мага часьцей і балючэй. Ён не зважаў на парэзы, пільнуючыся абранага кірунку.
Ягоныя пакуты толькі пачыналіся.
Зямля пад нагамі, і без таго напечаная, раптам задымілася й запалала. Шукаць паратунку не было дзе. Заставалася бегчы наперад – там на гарызоньце вымалёўваліся высокія сілюэты чорнага колеру.
Ён ня помніў, колькі разоў згараў зажыва на той раўніне. Помніў, што зьбіўся з падліку.
Часткаю свайго аганізуючага розуму Ўсьцюжанін адзначаў жахлівую няслушнасьць навакольля. Пакуль ён нема крычаў, ахоплены полымем, зьверху радасна шчабяталі нябачныя птушкі, а ля востралістага кустоўя мірна пасьвіліся каровы. Хто мог прыдумаць такое месца? Хіба што звар’яцелы бог. Альбо д’ябал. І чаму тут апынуўся ён: ня злодзей, не вычварэнец, ня кат – просты кантрактнік?
Калі заўважыў быў руіны места ў першы раз, то падумаў, што гэта ягоны Краснаярск і ён вяртаецца дамоў. Нават у пекле прыемна пабачыць родны кут, знайсьці хоць бы нейкі сэнс у пачварнай фантасмагорыі.
Але неўзабаве памылка сталася відавочнай. Гэта быў не Краснаярск, гэта…
Усьцюжанін завярнуўся й пайшоў назад.
Зноўку паўтараліся жахі. Зноўку зьмяняліся ў карагодзе сьпёка, халадэча й сьмерць. Да лявы, попелу й сьнегу дадаліся агромністыя камары, якія аблеплівалі яго воблакам і высмоктвалі кроў ці не дасуха.
Ён ішоў прэч ад руінаў, ня збочваючы, але і другі раз выйшаў да іх з таго самага боку. Заставалася толькі гістэрычна расплакацца й пабегчы наўздагад…
Калі наперадзе ўзьнік паказальнік на Гомель, ён даўмеўся, што ўжо тройчы бачыць места з усходу. Ня тое, каб у пекле былі ўсход ці захад, але ён нібыта глядзеў на руіны Гомлю з Бранскае шашы, па якой і ўехаў сюды некалі ў складзе Першага міратворчага. Калі ж гэта было? Здаецца, стагодзьдзі таму.
«Відаць,