Беркут. Кніга першая. Мікола Міхайлавіч Адам
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Беркут. Кніга першая - Мікола Міхайлавіч Адам страница 12
Пакой Наташкі ўяўляў з сябе тыповы прытулак падлетка савецкіх часоў. Па ўсіх сценах Віктар Цой у розных іпастасях, кніжная зашклёная шафа, у якой наяўнасць вінілавых кружэлак і магнітафонных касет пераважала колькасць кніг. Пад акном пісьмовы стол, на ім шкло па памеры стальніцы, пад шклом зноў жа Віктар Цой; сшыткі, падручнікі, часопісы «Ровеснік» і «Мы», настольная лямпа. Падлога ў паласе, бялізнавая шафа на ёй, грувасткая, на гнутых ножках, цёмнакарычневага колеру і рыпучая, калі адчыняеш дзверы, з замкнутымі на ключыкі, што тырчалі з замкоў язычкамі, шуфлядкамі. Фатэль, старэнькі, з праплешынамі на падлакотніках, але закіданы, як малады, рознымі рэчамі і адзеннем, якое лянота скласці ў шафу. Палутарны ложак, зусім нядаўна заменены не ў карысць жалезнага панцырнага монстра, што адправіўся на балкон, бо там яму і месца, уражваў вока далікатна засланым покрывам, на якім Наташка пачэсвала каленку праз апранутыя гамашы. Магнітафон ляжаў у яе пад рукой злева, бліжэй да дзвюх узбітых, як крэм на торце, падушак пад напаўпразрыстым цюлем.
– Выключы! Размова ёсць, – голасна запатрабавала Ларыса ад дачкі. Яна без груку зайшла ў яе пакой, чаго нячаста дазваляла сабе. Пасля смерці мужа і бацькі сем гадоў таму асірацелыя дзяўчаты вырашылі жыць па-даросламу і паважаць асабістую тэрыторыю кожнай, праўда, спачатку нараўліся і прадэпрэсавалі. Ці, хутчэй, прадэпрэсавала Ларыса, суткамі не падымаючыся з ложка і забыўшыся пра існаванне дачкі. Што ж, дзяўчынцы самастойнасць пайшла толькі на карысць, і менавіта яна, Наташка, выцягнула маці з ямы безнадзейнасці і гора. У той час яны як бы памяняліся месцамі. Малая адчувала сябе больш дарослай за маці, клапацілася аб ёй, уходжвалася, гатавала ежу, хадзіла па крамах, пры гэтым не забывалася размаўляць з Ларысай на самыя розныя тэмы. Пакуль жанчына не абудзілася, бо і сапраўды быццам спала.
– Што? – незадаволена выключыла Наташка магнітафон, але без агрэсіі ў голасе.
– Пятровіча завезлі ў бальніцу на хуткай, – паведаміла тады Ларыса. – Мішка тэлефанаваў, прасіў пасядзець з бабай Дусяй, яна там зусім адна. І, напэўна, наўрад ці ведае, што здарылася.