Святло далёкай зоркі. Уладзімір Касько
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Святло далёкай зоркі - Уладзімір Касько страница 12
У пісьме сакратару савета этнаграфічнага аддзела Рускага музея ад 9 чэрвеня 1913 г. Сержпутоўскі ўказвае на імклівую змену моды, што прывяло да знікнення ў вёсцы адзення старажытных узораў. «Пабываў я ў трох паветах – Дзмітраўскім, Бронніцкім і Каломенскім, – пісаў ён, – і амаль усюды адно і тое ж: былога адзення няма, у хатнім ужытку ўсе прадметы гарадскога паходжання. Пакуль удалося сабраць каля 200 прадметаў, у тым ліку адзін мужчынскі касцюм з набіўнога льну і тры жаночыя. Паспрабую паспытаць шчасця ў старавераў, хаця кажуць, што яны могуць не пусціць у сваю вёску»[41].
Цяжка сказаць, чым закончылася паездка Сержпутоўскага да старавераў (пра гэта ў справаздачы не гаворыцца), але калі ацэньваць у цэлым яго экспедыцыі ў Маскоўскую і Пермскую губерні, то можна назваць іх вельмі ўдалымі. Этнограф прывёз адтуль 437 прадметаў хатняга ўжытку, 125 фотаздымкаў, на якіх засведчаны краявіды горада Дзмітрава і Дзмітраўскага павета, у тым ліку Благавешчанскі сабор, вуліцы, дамы, прылады працы.
Рэзультатыўнай была паездка Сержпутоўскага ў Віленскую і Віцебскую губерні. Калекцыя музея папоўнілася ўзорамі сялянскай вопраткі, самаробных тканін, шыцця, вязання, рэчамі гаспадарчага ўжытку. Набыў ён тут 115 назваў керамікі – міскі, гаршкі, сподкі і г. д.
I ўсё ж думка пра тое, што з сялянскага побыту пад уплывам горада знікаюць старажытныя вясковыя прадметы, не давала вучонаму спакою. У ліпені 1915 г., адмовіўшыся ад адпачынку, ён накіроўваецца ў Варонежскую, Разанскую, Белгародскую і Курскую губерні. Нягледзячы на халеру, якая забірала штодзень шмат чалавечых жыццяў, Сержпутоўскі працягваў сваю работу. У пасылках, якія ён рэгулярна пасылаў у адрас Рускага музея, былі такія каштоўныя экспанаты, як адзенне, абутак, рушнікі, хусткі, грабяні, нажы, прадметы рэлігійнага культу.
Як і раней, многія экспанаты этнограф купляў за ўласныя грошы і дарыў іх музею. 7 мая 1916 г. ён падарыў калекцыю старажытнага шклянога посуду, набытую ў вёсцы Асінаўка Аханскага павета Пермскай губерні, а таксама высокай мастацкай вартасці карзіну, сплеценую з лазы, саламяную хлебніцу, гліняныя кубкі, за што атрымаў пісьмовую падзяку ад кіраўніцтва музея.
Шлях у навуку
У сваёй навуковай дзейнасці А. К. Сержпутоўскі ўдзяляў шмат увагі ўнутрысямейным адносінам беларусаў. «Калі за сталом знаходзіліся госці, – пісаў ён, – жанчыны звычайна не садзіліся за стол. Выключэнне складалі вяселле, хрысціны, памінкі, Дзяды і іншыя адметныя рэлігійныя святы». Прычыну гэтага вучоны бачыць не ў нейкай няроўнасці паміж мужам і жонкай, а ў гасціннасці беларускай жанчыны, яе імкненні лепш абслужыць гасцей.
У розных месцах Беларусі ўзаемаадносіны паміж дарослымі і дзецьмі былі рознымі. У шэрагу вёсак Слуцкага павета дарослыя не здароваліся з дзецьмі, не звярталі на іх увагі. Рэдка нехта заўважаў, што дзеці выраслі. Калі ў хаце былі госці, дзяцей стараліся выправадзіць на вуліцу. Рабілася гэта, на думку Сержпутоўскага, для таго,
41
Архіў РЭМ, ф. 1, воп. 2, спр. 578, с. 66.