Гісторыі ў прыцемках (зборнік). Зміцер Дзядзенка
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Гісторыі ў прыцемках (зборнік) - Зміцер Дзядзенка страница 12
– Выклікайце міліцыю, – скамандаваў цераз плячо Шумскі. – Я пабуду тут з ім.
Вітушынскі няўклюдна павярнуўся і, прыкульгваючы на правую нагу, пайшоў на выхад.
Міліцыянты прыбылі хутка: прыехалі на адным з пяці аўтамабіляў, якімі магла пахваліцца акруговая Ворша. Чорны студэбекер з лакавымі бакамі надаваў прыезду міліцыянтаў урачыстасць. Большай помпы іхнаму прыбыццю надаў бы хіба што духавы аркестр, які па нядзелях граў у гарадскім парку.
Невысокі кірпаты міліцыянт, галоўны ў групе, распараджаўся рашуча, без ценю сумневу ва ўласнай слушнасці. Ён уважліва агледзеў пакой, дзе адбылася смерць, падышоў да бюро, што стаяла ў куце, і пачаў перабіраць змесціва ўсіх шуфлядаў: лісты, нейкія цэтлікі, паперкі з запісамі для памяці, пару нататнікаў, тоўсты сшытак, пудраніцу, маленькія керамічныя фігуркі жывёлаў, яшчэ нейкую жаночую драбязу. Пад паперамі адной з шуфлядаў апынуўся альбом з эцюдамі пейзажаў, зробленымі алоўкам.
– Божа мой, – вохнуў Скарына, – я думаў, яна ўжо даўно выкінула гэты альбом.
Міліцыянт уважліва паглядзеў на яго:
– Чаму вы так думалі?
– Ну, бо яна шмат часу не малявала. Перастала пасля таго, як прысніла нейкі страшны сон, звязаны з маляваннем.
Міліцыянт пахітаў галавой і зноў вярнуўся да перагляду шуфлядаў. Ён вывучаў іх так, нібы спадзяваўся менавіта ў шуфлядзе знайсці невядомага злачынцу, які пазбавіў жыцця маладую жанчыну.
Ён ужо амаль закончыў пераглядаць бюро, калі да яго падышоў адзін з падначаленых і ціхенька нешта сказаў. Кірпаты адразу адсунуў ад сябе недагледжаную шуфляду і пайшоў следам за падначаленым. Разам яны наблізіліся да акна і сталі нешта вывучаць на прываконні. Нарэшце адарваліся ад свайго захапляльнага занятку і павярнуліся да астатніх прысутных. Твар кірпатага праменіўся шчасцем, нібы ён толькі што атрымаў ордэн.
– Па-апрашу ўсіх прад’явіць падэшвы абутку!
Агляд, відавочна, нічога кірпатаму не даў: ні на абутку Скарыны, ні Шумскага, ні Вітушынскага ён не знайшоў таго, чаго хацеў. Лёгкі цень азмрочыў яго твар. Праўда, ненадоўга – хутка ён папрасіў Скарыну паказаць яму ўвесь абутак, які ёсць у доме. Праз нейкі час яны вярнуліся з пустымі рукамі. Кірпаты выглядаў азадачаным, але яшчэ не разгубленым. А вось калі і агляд абутку Шумскага і Вітушынскага таксама не даў яму жаданых вынікаў, ён выяўна страціў раўнавагу.
– Ды што вы такое шукаеце, можна даведацца? – занерваваўся Скарына.
Заміж адказу кірпаты