Ген зямлі. Аліна Длатоўская
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Ген зямлі - Аліна Длатоўская страница 5
На жаль, у Яра ўзніклі складанасці па іншай справе і ён дагэтуль не вярнуўся з Бярэсця.
Калі адбывалася непапраўнае, Алесь не ўмеў даць рады эмоцыям. Замест таго, каб перажыць гэта, ён прыдумваў сабе дадатковыя справы, пытанні ― абы толькі не думаць, не асэнсоўваць, не ўсведамляць.
Алесь набраў на мабільным нумар, падпісаны як Цётка.
Дачакаўшыся санлівага дзявочага «алё», буркнуў «адзін дзевяць чатыры два» і скінуў званок. Год смерці Купалы.
Таямнічай, страшнай смерці. Як гэтая.
Алесь увесь час сумняваўся ў слушнасці сваіх рашэнняў.
Яраслаў ніколі не сумняваўся. Алесь заўсёды ўзважваў кожны наступны крок. Яр заўсёды дзейнічаў паводле сітуацыі.
Яны абодва часта цытавалі Караткевіча. Рабілі нечаканае. І абодва аднолькава часта памыляліся. Розніца была толькі ў тым, што Яр не браў да галавы. Алесь з задавальненнем аддаў бы сваю пасаду Яру. І той бы, напэўна, не адмовіўся. Аднак Алесь лічыў сябе абавязаным «Лабірынту», абавязаным яго стваральніку…
Усё, што яму заставалася, ― заварыць сабе кавы пакрапчэй і даслаць Цётцы паведамленне з адрасам і прыпіскай: «Прыхапіце малога».
Шэра-ружовы брудны пад’езд больш нагадваў тралейбусны прыпынак. На абшарпанай лаўцы сядзелі юнак і дзяўчына, такія сумныя, халодныя, далёкія адно ад аднаго, быццам пара, якая толькі што разышлася назаўсёды. Сцёпа, невысокі, хударлявы, светлавалосы малады чалавек, падобны да пільнага мышаняці, і Ліка, чарнявая, зграбная, з паазіяцку вузкімі вачамі і парцалянавай скурай.
Побач з лаўкай, скрыжаваўшы рукі, усхвалявана азіраўся хлапец, які выглядаў так, быццам спазніўся на апошні тралейбус, але ўсё яшчэ на нешта спадзяецца. Новенькі. Даніл.
Недалёка стаяў і сівы мужчына ў дарагім паліто, задумліва палячы электронную цыгарэту. Ён чакаў не тралейбус, а як мінімум лімузін. Адпусціў вадзіцеля пакатацца, а сам дыхае свежым, скажам так, паветрам. Пра гэтага чалавека Алесь ведаў яшчэ менш, чым пра новенькага. Дарма што калісьці называў яго бацькам.
– І што ўмее гэты звярок? ― замест прывітання з’едліва пацікавіўся мужчына, кіўнуўшы галавой у бок Даніла.
Толькі б не сказаць залішняга. Толькі б не пачаць спрачацца.
– У мяне не звярынец.
Трэба выглядаць, як дарослы мужчына, як лідар, а не як істэрычны падлетак.
– Да кнігарні гэта таксама мала падобна…
Алесь сцяў зубы. Не спрачацца. Не сказаць залішняга. Сабе даражэй.
– Давайце зоймемся справай.
У дзвярах кватэры на трэцім паверсе іх чакала маладая жанчына. Растрапаная, заплаканая, яна хуталася ў вялізны пухнаты шалік і глядзела вакол з відавочным непаразуменнем.
– Вацлаў Яўгенавіч, ну навошта вы?.. ― з