Кніга пра Нішто (зборнік). Валянцін Акудовіч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Кніга пра Нішто (зборнік) - Валянцін Акудовіч страница 2
Спакваля запанаваўшы, Міф патроху перайначыў татэмнага чалавека ў чалавека міфалагічнага, гэта значыць такога, які ўжо перастаў быць уцялесненым непасрэдна ў цела існага, бо паміж ім ды існым паўстаў намыслены вобраз свету як уводзіны ў а-рэальную[1] перспектыву рэальнага бытавання – і тым самым адасобіў чалавека ад усяго астатняга існага.
У міфалагічную эру адлюстраванні існага ў а-рэальнасці набылі пэўную структуру і нават сваю архітэктоніку. Міфалагемы той пары (Сусветнае Дрэва і да таго падобныя) іерархізавалі касмалогію бытнавання, аднак у гэтай іерархіі я-чалавеку пакуль не знайшлося асобнага, тым болей адметнага месца. Сусвет Міфу быў касмічна шырокі, але паколькі ўся яго ўніверсальная разлога апынулася заціснутай у адну нерухомую праекцыю міфалагічнай мапы сусвету, дык там нічога, акрамя статычна зафіксаваных метафараў, не змяшчалася. Да таго ж персаналізаваны чалавек тады і не мог ушчыміцца ў канфігурацыю Міфу, паколькі семіятычных магчымасцяў рытуалу і вербальнай артыкуляцыі, якімі ён валодаў, хапала адно на фіксацыю і рэтрансляцыю найбольш заўважных знакаў быцця (да апошніх я-чалавек сябе пакуль не залічваў). У такой сітуацыі я-чалавеку нічога не заставалася, як адно атаясамляць сябе з універсальным агульным і, наадварот, – тоесніць універсальнае агульнае з самім сабой, пры гэтым ніяк не прэзентуючы самога сябе…
Вымкнуты Міфам з магмы вітальнасці, я-чалавек усяго толькі выконваў у целе Міфу справу ферменту, якім гэтае цела ініцыявала працэсы свайго росту. Але, разам з тым, менавіта з гэтай прыкладной функцыі і пачалася гісторыя чалавека як нечага, што ёсць не толькі як ёсць, а ёсць як павінна быць, бо ўжо было раней, чаму сведчаннем Міф пра гэтае было.
Татэмны чалавек не ведаў іншых праекцыяў часу акрамя су-часнасці, ён увесь адбываўся ў кантынууме ёсць. Міф сфармаваў у прасторы а-рэальнасці было як дадатковую да ёсць форму рэальнасці і тым самым шматкроць павялічыў прастору бытнавання я-чалавека.
Аднак папярэдняе вымагае ўдакладнення: хаця татэмны чалавек меў адно часовае вымярэнне (ёсць), ён заставаўся вылучна чыннікам прасторы, бо ёсць у адсутнасці апазыцыі было і будзе хавалася ўтоеным ад чалавека і не апазнавалася з самога сябе як тое, што маецца ў наяўным часе (мае ўласны час). Міфалагічны чалавек, намацаўшы было, разам крануў утоенае ёсць і гэтым унаявіў для сябе час як новую форму рэальнасці. Але – зноў жа ўдакладнім – час, які міфалагічны чалавек дадаў да татэмнай прасторы, выглядаў яшчэ не як уласна час, а як панятак паўторнасці і, тым самым, множнасці таго, што адбываецца ў прасторы рэальнасці. З гэтага і пэўны прастора-часавы сінкрэтызм міфалагічнага чалавека, які пераадолеецца адно са з’яўленнем Тэксту, што раскладзе змест прысутнасці чалавека ў быцці на дзве разлогі: час і прастору.
Эра тэксту
Міф ведаў час як прасторава-паслядоўную множнасць адной тойсамай падзеі – Тэкст пераняў у Міфа сюжэт множнасці,
1
Панятак а-рэальнасць утвораны тут дзеля тапалагічнага пазначэння ўсёй прасторы інтэлігібельнай (разумова-пачуццёвай, інтэлектуальна-эмацыйнай і проста інтэлектуальнай) дзейнасці чалавека. У пэўным сэнсе ён сінанімічны «наасферы» (разумовай дзейнасці), сфармуляванай Уладзімірам Вярнадскім. Але панятак «наасфера» не пасуе ў гэтым кантэксце стылёва, не ахоплівае ўвесь аб’ём інтэлігібельных значэнняў бытнавання чалавека, і да таго ж ён ўжо добра здэфармаваны містычна заангажаванымі інтэрпрэтатарамі Вярнадскага.
Сёння правесці «дэмакрацыйную» мяжу паміж рэальнасцю і а-рэальнасцю ўжо наўрад ці магчыма, паколькі тая сітуацыя, у якой цяпер адбываецца чалавек, сфармаваная ў большай меры а-рэальнасцю, чым рэальнасцю. Прыкладам, рэальны легкавік – гэта матэрыальнае ўвасабленне інтэлігібельнай дзейнасці, разгорнутай у прасторы а-рэальнасці. З іншага боку, натуральная прырода, знятая на кінастужку, таксама становіцца складнікам а-рэальнасці, хаця сам-насам па-ранейшаму застаецца феноменам чыстай рэальнасці. Пачаткі фармавання а-рэальнасці бадай найперш трэба звязваць з прамовай і рытуальнымі рухамі. Пазней з’явяцца сінкрэтычная мова, малюнак, піктаграма, лічба… Натуральна, галоўнымі чыннікамі а-рэальнасці ад пачатку былі мысленне і мова (ці наадварот?). Але пакуль слова заставалася вусным, архіў мыслення (першапачатковая прастора а-рэальнасці) не выходзіў за межы калектыўнай памяці. Поўнамаштабнае фармаванне а-рэальнасці пачалося са з’яўленнем тэксту. Тэкст не быў звязаны з аб’ёмам калектыўнай памяці, які нязначна розніцца з аб’ёмам памяці я-чалавека. Тэкст прадставіў магчымасць фіксаваць «увесь» аб’ём быцця, незалежна ад таго, якая яго частка ўтрымліваецца ў полі непасрэднага досведу.
Тэхнагенная (інфармацыйная) эра, у дыскурсе якой мы знаходзімся, спакваля трансфармуе а-рэальнасць у n-рэальнасць (пазначым яе так). Гэта звязана з тым, што на змену плоскавай ды лінейнай прасторы тэксту заступае шматмерная, нелінейна арганізаваная прастора сродкаў віртуальнай інфармацыі, якая мае непараўнальна большую ад тэксту магчымасць фіксаваць, утрымліваць і аналітычна сінтэзаваць семантыку быцця.