Кніга пра Нішто (зборнік). Валянцін Акудовіч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Кніга пра Нішто (зборнік) - Валянцін Акудовіч страница 5
Трансцэндэнтны гарант я-чалавека
Вышэйсказанае ўтрымлівае як бы відавочную хібу: адзіна перспектыўнай і першай, ва ўсіх сэнсах, падзеяй быцця ў хрысціянскую эпоху быў не я-чалавек, а Бог. Фармальна, пагодзімся, гэта безумоўна так. Але разам з тым заўпарцімся: сутнасным зместам монатэістычна сфармалізаванай трансцэндэнцыі стаўся менавіта я-чалавек, які праз персанальны хаўрус з Богам рэалізаваў наспелую патрэбу абгрунтаваць сваю значнасць як суб’екта ісціны быцця.
Скуль раптам узнікла менавіта такая патрэба? Прычына быццам нечаканага скоку з універсальнага для ўсяго існага дыскурса ў сінгулярную тоеснасць з Богам мне бачыцца ў наступным. Тэкст пашырыў расцярэблены ў эру Міфу лапік а-рэальнасці да памераў практычна неабмежаванай прасторы, якая з прычыны сваёй неабмежаванасці змагла запрапанаваць персанальнае месца ў быцці кожнаму асобнаму чалавеку, з чаго ў я-чалавека з’явілася магчымасць займець індывідуальныя стасункі з самім сабой як з персанальнай ісцінай быцця.
Да таго ж Тэкст, рассунуўшы прастору ёсць у бязмежжа было і трывала замацаваўшы версію верагоднасці будзе, адначасна з «вонкавай» прасторай (двукоссі тут таму, што а-рэальнасць паходзіць з інтэлігібельнага патэнцыялу чалавека і хаця наяўна фіксуецца ў тэхнагібельным рэльефе цывілізацыі, але быційна адбываецца ўнутры я-чалавека) змяніў і «ўнутраную», экзістэнцыйную прастору я-чалавека, якая павялічылася праз параметры было і будзе да той бязмежнай меры, што ўжо дазваляла я-чалавеку змясціць усюдыіснага Бога ў апрычоную тэрыторыю самога сябе. (Інакш кажучы, цяпер чалавеку спатрэбіўся такі Бог, які б улічыў гэтую перамену, улучыўшы яе эмбівалентны сэнс у сваю трансцэндэнтную сутву.)
Сярод паганскіх багоў не знайшлося такога, які б здолеў, не пакідаючы ўніверсальнага космасу, засвоіць сінгулярны космас я-чалавека, абжыць яго як свой уласны дом і тым самым гарантаваць кожнаму я-чалавеку статус агента ісціны. Як ні блізка да я-чалавека мясціліся ранейшыя багі (Ра на падворку Сонца, Зеўс на гары Алімп, Ярыла за бліжэйшай хмурынкай…), аднак ім было не па сілах пераадолець тую дыстанцыю абыякавасці, што адмяжоўвала іх ад ячалавека, і хаця субстанцыянальна паганскія багі нібыта ўдзельнічалі ва ўсіх чалавечых справах, але гэты ўдзел меў адно значэнне пры-сутнасці ля сутнасных акцыяў я-чалавека і не прадугледжваў магчымасці трансфармацыі ў бок экзістэнцыйнага збліжэння з я-чалавекам, тым болей – таясамасці з ім у адзінай сакральнай прасторы…
Новы Бог, які адкрыўся еўрапейскаму чалавецтву, быў гранічна чалавечым Богам. Ён перадусім апекаваўся чалавекам, і таму ў яго атрымалася забяспечыць я-чалавеку наспелую перамену статусу: пад апякунствам гэтага Бога я-чалавек з меры існага стаўся тым, што вымяраецца існым, як ягоная, існага, ісціна.
У Богу я-чалавек знайшоў найбольш важкі аргумент на карысць каштоўнасці самога сябе. Калі Бог стасуецца непасрэдна да мяне, калі ён заангажаваны