Кніга пра Нішто (зборнік). Валянцін Акудовіч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Кніга пра Нішто (зборнік) - Валянцін Акудовіч страница 9
Частка другая
Пасляслоўе да першай часткі
Папярэднія накіды ўяўляюць сабой нешто іншае, як спробу праілюстраваць маё ўласнае бачанне рэтраспектывы праблемы я-чалавека. Да таго ж яны кранаюць адно некаторыя моманты гэтай гісторыі. Магчыма, яшчэ не лішне было б спыніцца на эвалюцыі разумення феномену я-чалавека біялогіяй, антрапалогіяй, псіхалогіяй… Але ўсе гэтыя, як і многія іншыя (да прыкладу, сацыялогія) навуковаінтэлектуальныя сферы асэнсавання homo sapieps амаль цалкам засяроджаныя на пытанні «што ён, чалавек?»; гэта значыць: які ён, з чаго, так бы мовіць, зроблены і на якую патрэбу яшчэ прыдатны? І нават Дарвін, які наважыўся эмпірычным шляхам давесці, скуль і чаму чалавек – чалавек, калі звяртаўся да я-чалавека, як да хто, мусіў спаталяць прагу рацыянальнай веды ірацыянальным – веру! Не змог выйсці за межы што і Фрэйд, хаця і спрабаваў на подзе псіхааналізу распрацаваць метафізічную мадэль я-чалавека, аднак ягоная метафізіка цалкам засталася ў кантынууме псіханеўрознага што.
Верагодна, мела б сэнс наладзіць агледзіны я-чалавека і ў праекцыі літаратуры ды, шырэй, культуры ўвогуле. Толькі наўрад ці там убачыцца нешта скрайне адрознае ад таго, што высвятляецца ва ўласна інтэлектуальнай праекцыі. Бо хаця рытарычны аспект пытання «хто я, чалавек?» у літаратуры гучыць значна часцей, чым у філасофіі, але ўсе адказы на яго застаюцца альбо ў той самай роўніцы рыторыкі, што і пытанні, альбо вокамгненна скочваюцца ў прорву містыкі. (Як на маё разуменне, дык ці не бальшыня містычных канцэпцый уяўляе з сябе хутчэй своеасаблівую праяву літаратуры, чым мыслення альбо веры.)
Карацей кажучы, далейшае пашырэнне дыскурсаў праблемы мне не ўяўляецца мэтазгодным. Незалежна ад колькасці прааналізаваных вымярэнняў я-чалавека ў бытнаванні існага, навідавоку выніку, пэўна, застанецца адно і тое самае – адсутнасць хоць якога пазітыўнага адказу на самае прагнае чалавечае запытанне: хто я, чалавек? (і адсюль: навошта, дзеля чаго я, чалавек?) Верагодна, нямогласцю чалавека перад праблемай самога сябе тлумачыцца як досыць позняя актуалізацыя гэтай праблемы ў рэфлексіўным досведзе, так і тое, што калі потым яна раз-пораз максімалізавалася, дык звычайна ненадоўга і без якіх-кольвек істотных здабыткаў на карысць яе вырашэння. З апошняга можна зрабіць дадатную выснову, што адказ на сакральныя запытанні пра я-чалавека месціцца (калі месціцца хоць дзе) за межамі магчымасцяў чалавечага розуму. Ва ўсялякім іншым выпадку адказ неяк перагукнуўся б з веданнем чалавека пра сваё што.
Дарэчы, амаль напэўна, што феномен веры сфармаваўся (акрамя ўсяго іншага) вось і з гэтай нямогласці чалавечага розуму, які, як ні напінаўся, не змог зразумець сэнс я-чалавека ні з падтэксту самога чалавека, ні з кантэксту бытнавання існага.
Бог – гэта татальная параза розуму. Ён – межавы камень, які пазначае апошнюю магчымасць мыслення, тую