Кніга пра Нішто (зборнік). Валянцін Акудовіч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Кніга пра Нішто (зборнік) - Валянцін Акудовіч страница 7
Дэсакралізацыя Словабога не была наўмысна спланаваным актам. Яна адбылася як следства пашыранай сацыялізацыі Тэксту, але вынікам гэтага пераруху сталася тое, што матрыца Тэксту паклалася ў канструктыўную аснову цывілізацыі Новага Часу, логіка супольнага бытнавання розных элементаў Тэксту сфармавала прынцыпы функцыянавання сацыяльных механізмаў эпохі, а яго стылістыка закадавала модус мыслення новаеўрапейскага чалавека.
Дарэчы, калі Тэкст пачаў пазбаўляцца сваёй сакральнасці, дык выявілася, што ў ягоным подзе ляжыць жорстка дэтэрмінаваная рацыянальнасць, якой і было наканавана вызначыць ідэалагему новай пары. Згодна з гэтым, рацыяналістычнае мысленне зрабілася пануючай формай у прасторы як рэальнага, так і а-рэальнага бытнавання еўрапейскага чалавека.
Натуральна, эпахальныя змены не адбываюцца ў адначассе. Цягам колькіх там стагоддзяў ірацыяналізм веры і рацыяналізм мыслення (Тэкст сакральны і Тэкст дэсакралізаваны) існавалі ў пэўным суладдзі, двубочна падтрымліваючы адзін аднаго, а пазней адносна мірна разышліся, падзяліўшы між сабой «сферы ўплыву»: за сакральным Тэкстам засталася ірэальнасць, за дэсакралізаваным – рэальнасць.
Аднак пасля таго, як Дэкарт сфармуляваў сваё cogito, ergo sum, уся ўмоўнасць раўнавагі паміж ірацыянальным і рацыянальным сталася відавочнай. Хаця фармальна Дэкарт не супрацьпастаўляў «Я мыслю і таму існую» ранейшаму:
«Я прамаўляю[2]… (да Бога) і таму існую», бо меў намер не адпрэчыць, а толькі памысліць Бога з той жа мерай рацыянальнасці, што і ўсялякі іншы cуб’ект, але фактычна гэтай формулай ён паставіў пад сумнеў магчымасці Словабога быць універсальным Адказам на ўсе «апошнія» запытанні чалавека, паколькі Адказ цяпер чакаўся ўжо не ад Бога, а ад чалавека, які сам мысліць і ў акце свайго мыслення адкрывае тое, праз што існаванне апазнаецца як быццё існага, а значыць, цяпер чалавек сам сабою стаецца тым, што можна назваць ісцінай быцця.
Рашуча высунутае наперад усяго (і Бога) «Я» чалавека засведчыла, што ў сітуацыі дэсакралізацыі Тэкста чалавек ужо быў патэнцыйна гатовы сам, непасрэдна, не дзелячыся ні з кім сваім прадстаўніцтвам, прадстаўляць перад сабой самога сябе ў значэнні ісціны быцця. І гарантам гэтага ганаровага права, гэтай самадастатковасці самога сябе, гэтага апраўдання сэнсу свайго самаіснавання сталася не што іншае, як «я мыслю…»
Я сам мыслю, я сам існую, я сам – бог. Толькі не будзем «я сам» атаясамліваць з індывідуальным, персаналізаваным чалавекам. Альтэрнатывай Словабогу стаўся не чалавек як я-чалавек, а чалавек як суб’ект (гэтым актам праблема я-чалавека была зноў на нейкі час мінімізаваная, бо патэнцыя пытання «хто я?» утаймавалася ў адказе, сфармуляваным рацыяналістычным
2
Прамаўляю – гэта значыць моўлю з верай. Чалавек у той ці іншай меры заўсёды мысліў, але ў хрысціянскую эпоху (умоўна – да Дэкарта) гэтае мысленне было аформленае як маўленне да Бога, як прамаўленне Богу свайго сведчання веры ў Бога. У мысленні акцэнтавалася менавіта слова (да Бога), а не само мысленне.