Сланы Ганібала (зборнік). Уладзімір Арлоў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Сланы Ганібала (зборнік) - Уладзімір Арлоў страница 32
Карацей кажучы, чым бадзяцца па сталічных вулках, лепей пасядзець з чэрапам беларускай жанчыны. Днямі каля манумэнту Свабоды абрабавалі самога амэрыканскага пасла, які, мабыць, вырашыў сустрэцца з латыскім народам.
Я, дзякаваць Богу, не пасол, шмат у мяне не нарабуеш, а таму я заходжу ў густа сьпісаны кірыліцаю ліфт і празь дзесяць хвілінаў у чаканьні магчымых экспрапрыяцыяў набліжаюся да статуі Свабоды. Мяне займае адзін істотны аспэкт нацыянальнага пытаньня. А менавіта: ці лягчэй разьвітвацца з грашыма, калі злодзеі гавораць з табой на тваёй мове?
Рабаўнікоў на прыцемных цэнтральных вуліцах з выключанай рэклямаю пакуль не відаць, як, зрэшты, амаль не відаць і верагодных ахвяраў. Мабыць, і адныя, і другія яшчэ сядзяць ва ўтульных рыскіх кавярнях. Пералічыўшы свае цэлыя рублісы, я вырашаю таксама неадкладна заняць месца за столікам. Мяне чакае жорсткае расчараваньне. Кавярняў процьма, але ўсе яны, за выключэньнем пары валютных, ужо зачыненыя, хоць на гадзіньніку яшчэ бяз чвэрці восем. Напэўна, скончылася кава, а магчыма – наведнікі. Грэючы душу астатняй надзеяй, кіруюся ў знакамітыя «12 крэслаў» каля Домскага сабору. «12 крэслаў» на замку, перададзены вернікам сабор – таксама.
Улякнуўшы ў падваротні нейкую даму з сабачкам, падымаюся ў знаёмым ліфце. Гэтым разам сьвятло запальваецца ў ім адно тады, калі я, зачыніўшы дзьверы, нейкім дзівам намацваю ў мораку патрэбную кнопку.
У майстэрні праблемаў зь сьвятлом ня ўзьнікла, аднак зьявіліся іншыя: а дзявятай гадзіне вечара адначасова адключыліся водаправод і ацяпленьне.
За вокнамі рэдзенька сьвяціўся гатэль «Латвія» і ляжала цёмная, як цешчына вёска, сталіца незалежнае Латвійскае Рэспублікі.
Я доўга пахаджаў па выстылым гарышчы, піў сам з сабою сьветлае грузінскае віно, ад якога рабілася яшчэ халадней, і гаманіў з жанчынаю з-пад Ваўкавыску.
Стоена й гаркава пахлі прывялыя бэзавыя хрызантэмы. Шкрэблася ў кутку адубелае мышанё. У цьмяным старадаўнім люстры клубіліся мае й чужыя ўспаміны.
Майстэрня напоўнілася гаманою, шэптамі, пацалункамі… Я крыху распрануўся і даў нырца пад тры коўдры, дзе ўжо даўно, скруціўшыся ў клубочак, соладка пасопвала на канапе мая азяблая душа.
З усіх рыскіх пеўняў найбліжэй да неба той, што атайбаваўся на саборы сьвятога Пятра. Падняўшыся на сотню мэтраў, я стаю пад ягоным крылом і гляджу ў бок мора. Зьнізу, з пляцу, плыве ў марозным паветры музыка: скрыпка, акардэон і басэтля. Такую мэлёдыю, толькі выдзьмутую з дуды-дудаса, я чуў на вясковым беларуска-латыскім вясельлі паблізу Рыгі, дзе пазнаёміўся з Андрысам.
Андрыс адседзеў тры гады за тое, што павесіў над сельсаветам латыскі нацыянальны сьцяг. «Запомни, Володя, – казаў ён мне, – русские никогда не будут здесь хозяинами. Если бы ты был русский, я бы с тобой не сел выпить». Праз пару месяцаў Андрыс у штармавую ноч уцёк на маторцы на швэдзкую выспу Готлянд.
Спусьціўшыся з сабору, можна паслухаць