Сланы Ганібала (зборнік). Уладзімір Арлоў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Сланы Ганібала (зборнік) - Уладзімір Арлоў страница 9
Вядома, шкло з старой скрыўленай рамы магло выпасьці само сабою. Вядома, зусім выпадкова ў наступныя дні ў сяброў і ў людзей амаль незнаёмых, да якіх я чамусьці заходзіў, мне пачалі трапляцца ў рукі (самі сабою, безь ніякіх адмысловых пошукаў) рэдкія кнігі, гравюры й старыя газэтныя выцінкі пра жыцьцё Напалеона на востраве Сьвятой Алены і пра колькі месяцаў, прабытых ім у 1812 годзе ў Беларусі. Вядома, зусім выпадкова маглі прычыніцца й іншыя падзеі, якіх я не адважваюся тут згадаць толькі з тае прычыны, што ў адваротным выпадку мне могуць параіць неадкладна зьвярнуцца да адпаведнага доктара. Далібог, будзе лепей, калі на гэтым я скончу свой постскрыптум і вярнуся да радаводу.
Пра свайго мужа, а майго дзеда Максіма, бабуля Аўгіньня мне ніколі не казала. Зрэшты, тады я быў малы дый не было яшчэ даведкі зь дзесяцітысячным (?) накладам, і бабуля, пэўна, лічыла такія размовы небясьпечнымі. Пра дзеда я найболей ведаю ад мамы.
У вайну, якую да 1917 году часта называлі Вялікай Айчыннаю, а потым перахрысьцілі ў першую імпэрыялістычную, дзед Максім, як чалавек пісьменны (ён выпісваў перад вайною нейкую газэту, і мне, вядома, хочацца, каб гэта была «Наша Ніва»), даслужыўся да унтэр-афіцэра. Падчас страшных баёў на Нарачы, калі ў 1916 годзе расейскія войскі, дапамагаючы францускім хаўрусьнікам, пачалі зусім непадрыхтаваны наступ, дзед трапіў у палон. У Нямеччыне ён працаваў у баўэра і мог пераседзець рэшту вайны на сытных харчох, але разважыў іначай: у адну цёмную ноч паклаў у кайстру два боханы сьвежага хлеба і праз два месяцы дапяў роднае капысіцкае хаты.
У вёсцы лічылася, што дзед ведае «плянэты», і звычайна ніхто не адважваўся раней за яго пачынаць сеяць або жаць. Той жа, хто, не даючы веры дзедавым здольнасьцям, кіраваўся сваімі «плянэтамі», мог потым наракаць адно на самога сябе. Калі капысічанаў загналі ў калгас, яны, мусіць, усё ж маючы надзею, што можна будзе неяк жыць і там, выбралі дзеда Максіма за брыгадзіра.
Праз тры гады наш далёкі сваяк, што служыў у раённым Шклове ў НКВД, папярэдзіў дзеда й ягонага брата Ціхана, калгаснага бухгальтара, што на іх ды яшчэ на дзесяць вяскоўцаў прыйшоў данос. Хапун, казаў сваяк, чакаўся вялікі, і калі зьехаць куды-небудзь на данбаскія шахты ці проста зашыцца месяцы на тры ў лес, усё абыдзецца, бо возьмуць іншых.
Дзед з братам сабралі ў сваёй хаце сход тых дванаццаці, чые імёны ўжо перадрукоўвалі машыністкі НКВД. Думкі падзяліліся: адны стаялі на тым, каб ратавацца; дзяды Максім і Ціхан лічылі, што хавацца – значыцца, прызнаць, быццам яны й сапраўды ў нечым вінаватыя. Надзвычай дарагая мне й такая драбніца: на той зборні дзед Максім сказаў, што ўсё адно замест хаванцаў схопяць кагосьці яшчэ, нават не папярэджаных.
Назаўтра трое «ворагаў народу» падаліся ў лес, а дзевяцёра засталіся ў вёсцы, спадзеючыся: там разьбяруцца. Людзі верылі, што