Зямля пад крыламі Фенікса (зборнік). Сяргей Балахонаў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Зямля пад крыламі Фенікса (зборнік) - Сяргей Балахонаў страница 6
Як ужо згадвалася вышэй, паспаліты люд забараняў сабе лавецтва кіт-рыбы. Шляхта ж, а асабліва магнаты, наагул пагардліва ставіліся да рыбалкі як да “нізкага занятку” і аддавалі перавагу паляванню. У часы ж позняга барока, калі магнатэрыя стала навыперадкі міжсобку пахваляцца цікавосткамі сваіх палацаў, рыба-кіт сталася аб’ектам іхных хцівых інтарэсаў.
Князь Міхал Мацкевіч, пераймаючы Караля Радзівіла ўсталяваў у адной з залаў свайго палаца (на Полаччыне) замест звыклай усім столі акварыумы, куды між іншым памясціў і паланёную рыбу-кіт. Як апавядае ў сваім “Аксамітным дыярыюшы” нехта Стэфан Спелаборак, 22 чэрвеня 1771 г. падчас “рэдуты” (баль-маскарад) выдарылася трагедыя: “Маючы кансаляцыю ў танцах і гульнях, ніхто не меў прэтэкстаў да апрахензіі. Таму жадны чалавек не звізыяваў, што столя дэтэрмінаваныя трэшчыны трыбутавала, а после саўсім дэструктуравалася. Аскалепкі і рыбная жыўнасць з magna aqua хлынулі на галовы ўсяе рэдуты. Мо’ абышлося б малым неўкантэнтаваннем, каб не велярыб, які многіх вагою цела спрэсаваў, а шчэ слізгацеў у агульным тумульце ды хапаў зяпай кажнага, не знаючы дыфэрэнцыі. Спэктаваць гэтую карціну дызграцыі і крывавага рэсантымэнту не можна было без авэрсіі і ўвадначас кумпасіі да бедных афяраў”.
Васямнаццатае стагоддзе для Беларусі сканчалася драматычна – даўнія супастаты па кавалачку далучалі беларускія землі да сваёй імперыі. Ішло паўстанне пад зверхнасцю Тадэя Касцюшкі. Расійскія войскі, наступаючы паўстанцам на пяты, элементарна помсцілі за ўсе свае старыя крыўды, атрыманыя ў нашай краіне. Французская газета “Le Grande Bleu” ад 25 жніўня 1794 г. распавядала сваім чытачом пра падзеі лета таго ж года на Беларусі: “Расійскія барбары працягваюць уціхамірваць прасветленых літоўскіх дзікуноў. Ля мястэчка Смаргоні адбыўся жахлівы, як для здаровага еўрапейскага глузду, інцыдэнт. Расійскія жаўнеры перакрылі рэчку Вілія грубымі сеткамі, каб вылавіць у такі спосаб нейкую тутэйшую агромністую рыбу, якой яшчэ даўнейшыя літоўскія паганцы пакланяліся і за святарную шанавалі. Рыба была жорстка сеткаю спутаная. Цэлы гарнізон вывалак яе на ўзбярэжжа, дзе без прамаруды быў зачытаны смяротны прысуд, і рыбу расстралялі за пасабленне мяцежнікам”.
Імаверна, што падобныя дзеі адбываліся па ўсёй Беларусі, бо згадак пра рыбу-кіт у ХІХ ст. мы спатыкаем усяго з жабіны прыгаршчы. Як і раней кіт-рыбы дапамагалі свайму народу. У чэраве кіт-рыбы на Беларусь дастаўляліся забароненыя ўрадам Расійскай імперыі выданні твораў нашага слыннага земляка Адама Міцкевіча. У чарнавых накідах паэта да верша “Exegi munimentum” пра гэта ёсць непасрэдная згадка:
…mimo carskich gróźb, na złość strażnikom ceł,
Przemyca w Litwę kit tomiki moich dzieł.
Цікава, што замест польскага “wieloryb” Міцкевіч свядома ўжыў беларускае слова