Зямля пад крыламі Фенікса (зборнік). Сяргей Балахонаў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Зямля пад крыламі Фенікса (зборнік) - Сяргей Балахонаў страница 7
Ужо ў рэштках зарубінецкай керамікі IV–V стст. сярод засохлых зернейкаў злакавых выяўляліся і драбнюткія бубкі прадстаўніка роду актынідыя – ківі. У пластах банцараўскай археалагічнай культуры гэтыя знаходкі яшчэ больш частыя. Падобныя факты ніколі не афішаваліся, бо падрывалі міфы бальшавіцкіх ідэолагаў пра спрадвечную беднасць беларускага краю. Чыста палітычнаю крамолаю магло стаць прызнанне таго, што ў дафеадальным 7 ст. жыхары Беларусі ўжывалі ківі, тады, як грамадзяне слаўнай БССР не маглі пабачыць у свабодным продажы хаця б апельсінаў ці бананаў. Нават класавы падыход не даваў камуністам помачы. Нельга было прыпісаць ужыванне ківі адно вышэйшым пластам зарубінецка-банцараўскага грамадства, бо давялося б карэктаваць усю савецкую гістарычную навуку аб тых часах.
Галоўным апірышчам гістпартаўскіх поглядаў пра той перыяд было паведамленне Пракопа Кесарыйскага (IV ст.), з якога вынікала, што тагачасныя славяне (балта-славяне?) не кіраваліся адным чалавекам, але спакон вякоў трывалі ў народапраўстве. Гэта, аднак, не перашкодзіла “кампетэнтным органам” адчыкрыжыць у таго ж Пракопа надта важкі момант (аднаўляем у квадратных дужках): “Яны (нашы прашчуры – С.Б.) ушаноўваюць і рэкі, і німфаў, і ўсялякіх дэманаў, прыносяць ім усім ахвяры і з дапамогаю гэных ахвяраў варожаць, [а самі ж вараць сабе сочыва з ківі і ядуць проста з гаршчкоў]”. У поўным “Стратэгіконе” Псэўдамаўрыкія (VІ ст.) чытаем пра славян “верхняга Барысфена”, то бок Дняпра: “У іх мноства размаітай жывёлы і зерня, якое складаецца ў скірды, а злашча проса і полба. Ядуць, бывае, і ківі. Адкуль бяруць – розуму не дабяру”.
Магчыма, ківі было складнікам нейкай язычніцкай стравы, а назва самае ягады табуявалася, назапашвала розныя псеўданімы, як гэта было з паганскімі багамі. Ёсць падставы меркаваць, што памянёнае сочыва з ківі не было простым джэмам ці канфіцюрам, а своеасабліва згатаванай п’янкой масай, на аснове якой гатаваліся рознага кшталту напоі. Якраз адсюль паходзіць троху састарэлае, прынамсі ў літаратурнай беларускай мове, слова “ківацца”, то бок хістацца, сёрбнуўшы лішку незвычайнага морсу. Пацверджанне таму знаходзім у архаічным беларускім фальклоры. Так у часе эратычнай зімовай гульні “Жаніцьба Цярэшкі” спявалася такая “наруглівая” прыпеўка:
Ай, бяда, мая бяда,
Далі мне п’янога дзяда.
Ідзець, дак ківаецца,
Мо’а ў ківі знаецца.
Цяжкасці з выясненнем краіны-экспарцёра ківі ў Беларусь тлумачацца тым, што ніякага экспарту не было. Ківі вырошчваліся тут, напрыклад, у полацкіх падзямеллях. Самыя нетры зямлі крыўскай давалі той неацэнны скарб. Нельга