Пацалунак на фоне гор (зборнік). Анатоль Бутэвіч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Пацалунак на фоне гор (зборнік) - Анатоль Бутэвіч страница 16
Не ведаю, ці пачуў мяне Альберт. Але ён падняў галаву, зірнуў у нахмаранае неба, пасля спыніў позірк на нашым баку і, здалося, прыязна ўсміхнуўся. На ўсё жыццё засела ў маёй памяці, дагэтуль стаіць перад вачыма гэтая ўсмешка чалавека, які праз хвіліну мусіць памерці.
Я сцялася. А кат узяўся за сваё звыклае рамяство. Альберту не завязвалі вачэй, у ката не было белых пальчатак і маскі.
Я праплакала цэлыя суткі. Мне ўсё стала абыякава, я нічога не баялася і нічога не хацела. Адно дастала Алікаў пярсцёнак і надзела на правую руку. Не паслухалася пагрозаў і не здымала яго цэлы тыдзень. Шчыра шкадавала, што нашае каханне не завяршылася новым жыццём ува мне… А начамі мяне палохала Алікава ўсмешка.
Неўзабаве нас вызвалілі саюзнікі. Агітавалі застацца ў Нямеччыне альбо з’ехаць у Амерыку. Але дзе там – нас чакала роднае поле. Не прычакала.
Са слязамі ад’язджалі некалі з роднай вёскі, са слязамі ступілі цяпер на бацькоўскую зямлю, са слязамі ж адправіліся неўзабаве ў лагер для перасыльных.
Сэрца маёй маці не вытрымала, адляцела пакутніца на неба. А я знайшла ў лагеры такога ж бедака, як сама. Таксама ў нямецкага баўэра практыку праходзіў. Пабраліся. Вярнуліся ў вёску. У нашай хаціне жылі іншыя. Сяк-так агоралі новую. Але муж мой падарваўся, памёр. Адна падымала і хату, і калгас, і нашага Юрачку. Так у беспрасветнай працы і прайшло жыццё.
Адно светлае імгненне было некалі, і тое слязамі сплыло…
– Маці, маці, ты, гэтаво, аглухла ад радасці? – ужо колькі разоў гукаў Юрак.– Ведама, добры жмут марак павінны даць. Гэтаво, давай, збірайся. Пойдзем у сельсавет.
Яна схамянулася, нібыта з зачараванага сну выбавілася. На твары яшчэ блукалі рэшткі нейкай нетутэйшай усмешкі, вочы святлелі нязвыклай глыбінёй, а на твар насоўвалася рашучасць.
– Нікуды я не пайду,– прамовіла так ціха, што і сама сабе здзівілася.
– Што? – спытаў Юрак. І было не зразумець, ці ён не пачуў, ці не мог пачутаму паверыць.
– Нікуды я не пайду, сынок,– прамовіла гучней і з цвёрдай рашучасцю ў голасе.– Не, не пайду… А ты… Ты як сабе хочаш…
– Дак хто ж мне дасць, гэтаво? – роспачна выгукнуў сын.
– Не дадуць, то й не трэба. Не збяднеем больш, чым ёсць. Коўдру залатаю, ты сяннік свежай саломай напхаеш.
З мяне хопіць,– сказала, і рашучая складка легла на лоб. Пачала скідваць коўдру, апранацца.
Юрак не пярэчыў, ведаў: калі сціснула вусны, то ўсё, кранты, ніхто яе не пераканае, не змусіць памяняць свайго рашэння. Ён скрушліва скрыгатнуў зубамі і выкуліўся за дзверы.
Ледзь не згубіўся
У бацькі прапаў сын. У жонкі – муж. У дачкі і сына – бацька. У бабулі – унук. Не, не тое, каб зусім прапаў. Знік. Бо калі знік, то ёсць надзея, што знойдзецца.