Пацалунак на фоне гор (зборнік). Анатоль Бутэвіч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Пацалунак на фоне гор (зборнік) - Анатоль Бутэвіч страница 13
Сын гаварыў яшчэ нешта, намагаўся ў нечым пераканаць, а яна раптам як скамянела. Сядзела на збітым сенніку, спінай прыхінулася да схаладнелай сцяны, а ногі хавала пад цёплай коўдрай. Грудзі нешта сціснула. Па руках прабегла балючая сутарга. Слых нібыта адабрала, адно чуўся нейкі непрыемны гул у галаве. А вочы… Вочы на дзіва выразна, як на экране яе «Гарызонта», калі быў яшчэ новы і паказваў чыста і ярка, убачылі раптам тую далёкую – уга-а: амаль шэсцьдзесят гадоў мінула! – нямецкую вёску, кірху, хлеў, дзе апынулася яна з маці і дзвюма сёстрамі… І зноў, у які ўжо раз, нібыта сама сабе распавядала даўно знаёмую і сотні разоў бязмоўна паўтораную гісторыю…
У сям’і я была старэйшай. А старэйшым вядома што дастаецца. Не, не булкі з макам – гэтым малых песцяць. А нас было ажно сем душ. Дзве меншыя сястры, старэйшы брат, бацька з маці і дзед. Бацькаў бацька. Калі пачалася вайна, бацька з братам на фронт пайшлі. Але і нам не мёд дастаўся. Што давялося перажыць пад немцам, хай Бог бароніць… Усіх трэба было нечым накарміць. І тых, хто ў партызаны пайшоў. І немчуру. Самі ж галадалі…
Хапун у вёсцы пачаўся яшчэ досвіткам. І старых, і малых паліцаі сагналі да сельсавета. Былога сельсавета, дзе цяпер нямецкая ўправа была. Не зважаючы на крыкі, плач, енкі, праклёны, усіх падзялілі. Старых і нямоглых – асобна. Дзяўчат і хлопцаў асобна. Дзяцей з мацяркамі не разлучалі. Усіх перапісалі, пасля пасадзілі ў былыя калгасныя палутаркі і павезлі ў Нясвіж. А ўжо адтуль пад узмоцненай аховай і пасля шматмоўнай агітацыі, як добра жыць і працаваць у свабоднай Германіі – калі там такі рай, то чаго ж дзяліць яго з прыезджай набрыддзю? – пагрузілі ў таварныя вагоны на станцыі Гарадзея, і задыханы паравоз пачухкаў на Баранавічы. Як і дзе ехалі далей, то дагэтуль не ведаю. Некаторыя нават змрочна жартавалі:
– Мо хоць нарэшце ад’емся. Карміць павінны? Павінны. Бо галодная я ім напрацую…
– Наясіся, чакай,– з’едліва адказвалі іншыя.– Глядзі, каб скураны мяшок косці ўтрымаў…
Ніхто ў тое нямецкае агіткрасамоўства не паверыў, на экскурсію па замках ды музеях не спадзяваліся. А вось наконт працы сумневу не было.
Так яно і сталася. Прывезлі нас на нейкую вялікую станцыю. Адтуль у крытых грузавіках пераправілі ў невялікі гарадок. А там ужо з’явіліся паны. Выбіралі як скаціну. Шчупалі, круцілі, аглядалі, нават у зубы зазіралі. Мая маці з трыма дочкамі і некалькімі такімі ж гаротнымі сем’ямі аднавяскоўцаў трапіла да ўдавы колішняга баўэра. Пасялілі ў хляве. Старэйшым дасталося месца на самімі збітых нарах унізе, а маладым, бо лягчэй залазіць, выпала гарышча. Нават